Важнасць будучай кампаніі

Рэха падзеі

Адбылося пазачарговае пасяджэнне часовай раённай камісіі па садзеянню перапісу насельніцтва.
Удзел у ім прынялі начальнік галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці В.У. Пернікаў і яго намеснік В.А. Семенчукова.
Чым адрозніваецца перапіс насельніцтва 2019 года ад папярэдняга, які прайшоў у 2009 годзе?
Па-першае, эканоміяй сродкаў. Да правядзення перапісу будуць прыцягвацца работнікі дзяржаўных устаноў, зарэгістраваныя ў службе занятасці і іншыя, за імі будзе захоўвацца выплата сярэдняй зарплаты, дапамогі.
Па-другое, эканоміяй часу. Будуць выкарыстоўвацца не папяровыя перапісныя лісты, а планшэтныя камп’ютары. У іх ужо будзе ўнесена інфармацыя з рэгістра насельніцтва, Фонду сацыяльнай абароны і іншых рэгістраў, а таксама картаграфічны матэрыял.
Стаіць задача – каб пры падходзе перапісчыка да вызначанага дома, даныя па ім аўтаматычна з’яўляліся на планшэце. Менавіта таму на пасяджэнні вялася размова аб адпрацоўцы адраснай гаспадаркі раёна.
Зразумела, што не ўсе людзі праявяць жаданне адкрыць дзверы чалавеку, які задзейнічаны ў перапісе. А таму ў вызначаных месцах будуць працаваць стацыянарныя ўчасткі, куды кожны жадаючы зможа сам прыйсці і даць інфармацыю для ўнясення ў агульную базу даных.
Звярнулі ўвагу на яшчэ адзін важны момант. Як паказаў пробны перапіс насельніцтва ў Маладзечне ў кастрычніку мінулага года, людзі з нежаданнем адказваюць на пытанні асобнага раздзела пра сельскую гаспадарку. Хвалююцца, што потым будуць нейкія кантрольныя, падатковыя мерапрыемствы.
У гэтай сувязі патлумачана, што нічога падобнага пасля апытання праводзіцца не будзе. Проста наша краіна не правяла ніводнага сельскагаспадарчага перапісу, а таму на дзяржаўным узроўні было вырашана сумясціць у кастрычніку наступнага года два перапісы. Пытанні аб сельскагаспадарчай дзейнасці будуць максімальна простыя: аб плошчы пад сельгаскультурамі, наяўнасці жывёлы, птушкі, кустоўных насаджэнняў і інш. Атрыманыя даныя будуць выкарыстаны толькі для мэт Белстату.
Кожны чалавек павінен разумець важнасць будучай кампаніі па перапісу, бо гэта – карціна жыцця грамадства ў вызначаны час. Яна дазволіць намеціць перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, яна важная ў справе выканання сацыяльных стандартаў. А каб яна была найбольш аб’ектыўнай і поўнай, кожны павінен прыняць удзел у перапісе.

Ірына ЛУКАШЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *