Хойніцкі раён электрычных сетак працуе па праграме мадэрнізацыі існуючых у раёне ліній электраперадач і электраабсталявання.
ХХІ стагоддзе – час імклівага развіцця новых тэхналогій у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, сувязі, сферы сервісу і гэтак далей. Аднак самыя сучасныя і навукаёмістыя дасягненні могуць быць зведзены на «не» ўсяго толькі адным фактарам – адсутнасцю падачы электраэнергіі. Без электрычнасці не запрацуе ніводны электрапрыбор, камп’ютар, механічнае ўстройства або станок. Таму ў любой краіне свету так важна для эканомікі і штодзённага жыцця насельніцтва забяспечыць бесперабойную перадачу электраэнергіі прамысловым і індывідуальным спажыўцам.
Менавіта гэтым – эксплуатацыяй ліній электраперадач і электраабсталявання ў нашым раёне займаецца «Хойніцкі раён электрычных сетак», які з’яўляецца філіялам «Рэчыцкіх электрычных сетак» РУП «Гомельэнерга».
Апошнія 2 гады яго ўзначальвае вопытны прафесіянал, за плячыма якога вышэйшая адукацыя, атрыманая ў Гомельскім політэхнічным універсітэце імя П.В. Сухога, і 22 гады практычнай работы – Алег Васільевіч Чэкан. Яму і слова.
– Наша галоўная задача – не проста эксплуатацыя ліній электраперадач і электраабсталявання, а падтрыманне ліній электраперадач і трансфарматарных падстанцый напружаннем 0,4-10 кВ у працаздольным, тэхнічна спраўным стане і забеспячэнне бесперабойнай падачы электраэнергіі спажыўцам пры любых умовах надвор’я. Так будзе дакладней.
Сёння на нашым балансе і абслугоўванні каля 500 кіламетраў ліній электраперадач напружаннем 10 кВ і прыкладна столькі ж кіламетраў электраліній напружаннем 0,4 кВ.
Уся энергасістэма Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой адзіную закальцаваную структуру. Электраэнергію мы атрымліваем з Калінкавіч па транзітнай высокавольтнай лініі Калінкавічы – Брагін – Лоеў – Рэчыца напружаннем 110 кілавольт. Для пераўтварэння электраэнергіі (паніжэння напружання са 110 да 10 кВ) у нас маецца 6 трансфарматарных падстанцый і каля 300 ТП для пераўтварэння электраэнергіі да напружання 0,4 кВ. Усе яны – таксама наша гаспадарка, за тэхнічны стан якой мы нясём адказнасць.
Час не стаіць на месцы і зараз мы працуем па праграме мадэрнізацыі існуючых у раёне ліній электраперадач і электраабсталявання. У асноўным гэта замена правадоў на ізаляваныя, а таксама замена апор з драўляных на жалезабетонныя. Вялікі аб’ём работ па капітальнаму рамонту выканалі ў пачатку года на ўчастку вуліц Качаткова-Калініна райцэнтра. На вуліцах Сялянскай і Спартыўнай работы працягваюцца і сёння, а ў ліпені-жніўні гэтага года многае ў гэтым плане будзе зроблена па вуліцах Мележа, Інтэрнацыянальнай, Паўночнай, Камсамольскай, Карася і прылягаючых да іх.
На 2019 год запланавана маштабная рэканструкцыя ліній электраперадач і абсталявання па вуліцах у мікрараёне «Юбілейны» і ў раёне чыгуначнай станцыі – Першамайскай, Будаўнічай, Лугавой, Меліярацыйнай, а таксама па вуліцах Дзяржынскага і Калініна. Зараз мы працуем над гэтым: узгадняем усё неабходнае па пытанню выдзялення зямлі з ДП «Праектны інстытут «Гомельгіпразем».
Нагадаю, што многае па мадэрнізацыі ліній электраперадач у цэнтры і старым горадзе было ўжо зроблена ў 2010 годзе па праграме падрыхтоўкі да правядзення ў нашым горадзе Дня беларускага пісьменства.
Усё гэта робіцца для павышэння надзейнасці падачы электраэнергіі яе спажыўцам, а таксама для забеспячэння высокай ступені бяспекі пры эксплуатацыі ліній электраперадач і электрычнага абсталявання.
Такія асноўныя напрамкі нашай работы. Але заўсёды – і днём, і ноччу гатовы выехаць на ўхіленне пашкоджанняў ліній электраперадач спецыялісты аварыйна-дыспетчарскай службы. Стабільна і планамерна працуюць 3 эксплуатацыйныя брыгады на чале з майстрамі. Спрыяе стабільнаму і эфектыўнаму вытворчаму працэсу высокая прафесійная кваліфікацыя нашых работнікаў. Без дыплома аб заканчэнні хаця б прафесійна-тэхнічнага вучылішча на работу да нас не ўладкуешся. Акрамя таго, усе навічкі не менш трох месяцаў пасля працаўладкавання спачатку працуюць з адпаведнай навучальнай дакументацыяй і толькі потым дапускаюцца да выканання работ на лініі, дзе паступова і набываюць прафесійныя навыкі.
Для павышэння прафесійнай кваліфікацыі пры РУП «Гомельэнерга» па спецыяльна распрацаваных методыках працуе вучэбны цэнтр, куды па праграме перападрыхтоўкі кадраў рэгулярна накіроўваюцца нашы работнікі.
Штогадова праводзяцца праверкі ведаў тэхнічным персаналам правіл электрабяспекі, аховы працы і пажарнай бяспекі.
Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вольгі БЕЛАШ.