У Гомельскім інстытуце лесу Акадэміі навук Беларусі прайшла вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя.
На ёй падведзены вынікі абласнога этапу рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу «Квітней, мой лес!». Гэты конкурс даволі папулярны сярод вучняў устаноў адукацыі, яны самі просяць падказаць тэмы для работы і з захапленнем працуюць над імі.
На канферэнцыі наш раён прадставіла 9-класніца сярэдняй школы №1 г. Хойнікі Марыя Курленка. Кіраўніком работы выступіў настаўнік біялогіі гэтай школы Яўгеній Ігаравіч Машкоў.
Навуковая работа Марыі прымала ўдзел у намінацыі «Устойлівае лесакіраўніцтва». У матэрыяле была ўзнята вельмі вострая праблема, у тым ліку для нашага раёна, – барацьба з жуком-караедам. Абгрунтаваная работа выклікала цікавасць членаў журы. Спадзяёмся, што яна паслужыць для маладога аўтара першай прыступкай перад уступленнем у вялікі свет навукі і вытворчасці.
Па выніках канферэнцыі Марыя Курленка ўзнагароджана Дыпломам I ступені і памятным падарункам – планшэтам.
Н. САНЬКО, спецыяліст ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.