Цуды Хойніцкай зямлі

Образование

«.Задача работнікаў культурнай сферы – захаваць і перадаць наступным пакаленням бясцэнны дар – народную памяць, каб ведалі маладыя людзі, адкуль пайшлі іх карані. З такім пасылам праводзіўся абласны семінар «Духоўны патэнцыял народнай культуры Хойніцкага раёна».


 


Экскурсію па краязнаўчаму музею і выстаўцы «Рушнік у святах і абрадах беларусаў» правяла дырэктар раённага Дома рамёстваў З.С. Бураўцава.
Экспанаты выстаўкі сабраны з многіх вёсак раёна. Але большая частка рушнікоў, якія ўяўляюць цікавасць для этнографаў і гісторыкаў, захоўваюцца ў людзей як памяць пра мінуўшчыну. «За апошнія 20 год сувязь паміж пакаленнямі аслабла, і захоўваць фальклор стала цяжка: моладзь зараз аддае перавагу эстрадзе, у вёсках распадаюцца традыцыі вялікіх сем’яў, людзі пераязджаюць у гарады»,  – кажа метадыст РМЦ па фальклору аддзела культуры райвыканкама Л.А. Смольская.
Вядучы метадыст абласнога цэнтра народнай творчасці па народных традыцыях і абрадах Л.Г. Мельнікава параіла актыўна збіраць рэчы побыту ў жыхароў Хойнікшчыны. Яны стануць бясцэнным упрыгажэннем любога свята. 



У выставачнай зале музея спантанна арганізаваўся «круглы стол». Размова ішла пра развіццё культурнай сферы раёна, а таксама аб тых метадах, якія выкарыстоўваюцца, каб зацікавіць і прыцягнуць увагу хайнічан да фарміравання нематэрыяльных здабыткаў нашых продкаў.



Пра работу аддзела культуры райвыканкама рас-казаў  яго начальнік В.І. Баранаў. Аб неабходнасці пера-ймання культурных традыцый нагадала намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская. Каб не страціць некаторыя віды старажытных рамёстваў, патрэбна ствараць гурткі, дзе маладое пакаленне зможа навучыцца ім.
Скарбонка хой-ніцкіх традыцый і абрадаў увесь час папаўняецца. Сфарміраваны так званы куфар скарбаў, куды ўваходзяць народныя песні, казкі, абрады, святы. Пэўныя абрады характэрныя для асобных вёсак раёна. Напрыклад, у Малішаве святкуюць Юр’е: раней у гэты дзень з караваем абыходзілі палі для таго, каб жыта радзіла. Русальную нядзелю, або Троіцу, шануюць у вёсках Паселічы і Партызанская. А Зажынкі ў Храпкаве праводзяць з выкарыстаннем старажытных элементаў.
Такія залацінкі духоўнай традыцыі захоўваюць і дэманструюць работнікі культурнай галіны раёна. У Стралічаўскім цэнтры вольнага часу, напрыклад, аднавілі вясельны абрад.
На семінары быў арганізаваны відэапрагляд старажытных абрадаў «Ваджэнне русалкі» Велікаборскага цэнтра адпачынку, а таксама «Жаніцьба коміна» Стралічаўскага цэнтра вольнага часу.   



Народныя святы і абрады ажывалі на сцэне РДК. Веляцінскі СДК і Храпкаўскі сельскі клуб прадставілі «Зажынкі»; культработнікі в. Слабажанка згулялі «Вяселле»; Паселіцкі СДК правёў «Сёмуху»; пасля гледачы пабывалі на Небытаўскіх «Вячорках».
Якія ж абрады і святы без беларускіх прысмакаў? Смачныя бліны, саленні, варэнні, традыцыйныя святочныя стравы, кашы, бульба – усім гэтым пачаставалі  ўдзельнікаў семінара.   



Наша зямля багатая і на песні, якія выканала са сцэны раённага Дома культуры вакальная група «Журавінка». Пра жанравую разнастайнасць песеннага фальклору Гомельшчыны гаварыла метадыст АЦНТ па этнаграфіі і фальклору І.В. Глушэц, якая ж і праспявала ўрыўкі з песень згодна са старажытнай традыцыяй іх выканання.
Семінар паказаў, што работнікі культурнай сферы раёна не абыякавыя да захавання духоўнага патэнцыялу Хойнікшчыны. Можна толькі пазайздросціць таму энтузіязму, з якім яны захоўваюць і развіваюць нематэрыяльную спадчыну. Застаецца працаваць так і далей, каб далучыць да працэсу і старэйшае, і маладое пакаленні.



Алеся ЯЧЫЧЭНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *