Сакрэты сямейнага шчасця

Людзі і лёсы

Муж і жонка Піліп Піліпавіч і Тамара Андрэеўна Журо пражылі разам 50 гадоў. За гэты доўгі час яны не толькі не страцілі, але і захавалі каханне і павагу адзін да аднаго. Сваё залатое вяселле яны адзначаюць сёлета якраз напярэдадні сумнай гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у коле дзяцей і ўнукаў, суседзяў, родных і блізкіх. Тады, паўстагоддзя назад, ім бы і ў сне не здалася б атамная навала, якая абрынулася на родны край у красавіку 1986-га. І ад чаго вёска Партызанская стане малаперспектыўнай. Але тут іх дом, дзе пануе абстаноўка сямейнай шчырасці і добразычлівасці. Свайго жытла Журо не пакінулі, пераехаць у іншыя мясціны нават думка не ўзнікала.
Ім ужо за семдзесят. Нетаропка ідуць побач, потым жанчына спыняецца, а муж галантна адчыняе перад ёю дзверы дома. Глядзець на такія адносіны – суцэльнае задавальненне. Сустрэліся яны ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя, калі ў вёсцы Хвойная Паляна быў торфабрыкетны завод. Абодва працавалі тут, але спачатку тая самая іскра закаханасці перад імі не прабліснула.
– Піліп жа на тры гады маладзей за мяне, а дзяўчаты звычайна на старэйшых заглядваюцца, – расказвае Тамара Андрэеўна і падміргвае мужу. – Але ж іменна ён пачаў заляцацца.
А Піліп Піліпавіч і не адмаўляе гэтага: у любові, маўляў, трэба дзейнічаць смела. Так ён і паступіў. Хутка згулялі вяселле, распісаўшыся ў сельсавеце, на якім жаніх выступаў і ў ролі гарманіста. Самастойна асвоіўшы гэты музычны інструмент у дзяцінстве, ён і зараз з гармонікам не расстаецца. Перад нашай размовай сыграў заліхвацкую польку. Трэба было бачыць, як закахана глядзела ў гэты час на яго жонка, напэўна ўспамінаючы тыя моманты злучэння двух лёсаў у адзін.
Тамара Андрэеўна засталася сіратой ледзь толькі нарадзіўшыся: праз два дні пасля родаў маці памёрла. Але дзіцяці пашанцавала, у дзіцячы дом не трапіла, яе вырасцілі бабуля Мар’я і родная цётка Насця. Пасля заканчэння школы, ва ўзросце 16 гадоў прыйшла ў аддзел кадраў завода з мэтай працаўладкавацца. Сама маленькага росту, худзенькая – ну ніяк не выглядала на рабочую ў даволі складанай справе торфаздабычы. Слёзна, але ўпрасіла прыняць і працавала на заводзе да самага яго закрыцця.
Піліп Піліпавіч родам з Рэчыцкага раёна, выхоўваўся ў мнагадзетнай сям’і, у якой было васьмёра дзяцей і дзе да працы прывучаліся змалку.
Сям’я залатых юбіляраў па цяперашніх мерках таксама мнагадзетная – маюць яны трох сыноў і дачку, якія ўжо стварылі свае сем’і. Аляксандр, Уладзімір і Людміла жывуць і працуюць у Хойніках, Леанід – у Гомелі. Радуюць бабулю і дзядулю пяцёра ўнукаў.
«У чым сакрэт сямейнага шчасця?» – спытала ў мужа і жонкі Журо. І яны падзяліліся. Напэўна, гэта будзе карысна ведаць і цяперашнім маладым сем’ям.
– Трэба навучыцца саступаць адзін аднаму. Без спрэчак і нараканняў, канешне, не абысціся. Але, адстойваючы свой пункт гледжання, трэба прыслухоўвацца і да іншага. Прычым, без абраз і зняваг.
– Каханне – гэта праца. Змоладу гэта можаш і не зразумець, а пажывеш – даведаешся. Пачуццё гэтае трэба даказваць кожны дзень і песціць у сям’і як кветачку. Паспрабуй яе не паліць – завяне і засохне, тады ўжо і не выратуеш.
– Няхай другая палавінка мае свае інтарэсы і захапленні. Трэба паважаць інтарэсы другога. Без гэтага – нікуды.
Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *