У святочным калейдаскопе

Рэха падзеі

Вось ужо больш стагоддзя па ўсё планеце адзначаецца 1 мая – дзень салідарнасці працоўных. Для нас гэта не толькі памятная дата, але і даніна глыбокай павагі да людзей працы, пацвярджэнне прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, сімвал веснавога абнаўлення і душэўны пад’ём.
Эпіцэнтрам святочных мерапрыемстваў з’явіўся гарадскі парк, куды задоўга да намечанага часу пачалі сцякацца хайнічане, каб разам са сваімі калегамі па працы, сябрамі, знаёмымі, роднымі і блізкімі адзначыць Першамай. Усіх іх на гарадскім стадыёне шчыра і сардэчна вітала намеснік старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўская, адзначыўшы, што нястомна, у карпатлівай і напружанай працы ствараецца нацыянальнае багацце і ўмацоўваецца суверэнітэт нашай роднай Беларусі. Тым самым мы ўмацоўваем дабрабыт і бяспеку нашага агульнага дома. Сумеснымі намаганнямі мы зможам зрабіць наша жыццё яшчэ больш дастойным і шчаслівым. І заўтрашні дзень прынясе нам толькі радасць стваральнай дзейнасці. На раённым злёце перадавікоў па выніках работы за 2011 год былі ўдастоены звання «Лепшы па прафесіі» 35 хайнічан, 12 працоўных калектываў сталі лепшымі. І ў абласным спаборніцтве мы на вышыні – раённы вузел паштовай сувязі і завод гідраапаратуры занесены на абласную Дошку гонару.
Жанна Мікалаеўна пажадала, каб свята Першамаю надало ўсім аптымізму, упэўненасці ў заўтрашнім дні і добрага настрою, здароўя, міру, дабра і прафесійных дасягненняў, каб у сэрцы кожнага жыла вясна, а ў дамах панавалі любоў і ўзаемапавага.
Па традыцыі 1 мая мы ўслаўляем ветэранаў, актывістаў прафсаюзнага руху, ушаноўваем тых, хто прадаўжае добрыя працоўныя традыцыі. Ж.М. Чарняўская ўручыла Падзякі раённага кардынацыйнага савета камітэтаў прафсаюзаў за асабісты ўклад у станаўленне і развіццё прафсаюзнага руху на Хойнікшчыне і ў сувязі са святкаваннем Першамая старшаму інспектару Хойніцкага аддзялення Дэпартамента аховы Л.М. Брыцько, бібліятэкару аддзела культуры райвыканкама Т.М. Бордак, інспектару па кадрах завода ЖБВ Л.А. Валасюк, вядучаму спецыялісту па кадрах райспажыўтаварыства Л.В. Галеня, электраманцёру ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» С.С. Шведзюку.
На гарадскім стадыёне затым адбылося вялікае спартыўнае свята. Вельмі прыемна адзначыць, што многія працаўнікі горада асобна і са сваімі калектывамі прадэманстравалі імкненне да здаровага ладу жыцця. Камандныя месцы вызначаліся па лёгкай атлеты ў трох відах: бег на кароткую дыстанцыю, бег на вынослівасць і скачкі ў даўжыню з месца. Не было роўных лёгкаатлетам Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, якія па праву занялі першае месца, на другім – каманда КЖУП «Хойніцкі камунальнік», трэцім – гімназіі г. Хойнікі.
Праводзіліся таксама турніры па шашках і шахматах, гіравому спорту, армрэстлінгу. Па словах начальніка аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама І.У. Халява, пераможцаў у спаборніцтвах было вельмі многа. Іх старанні заслужана ацэнены – кожнаму ўручаны Дыпломы і каштоўныя прызы начальнікам аддзела па ідэалагічнай рабоце райвыканкама В.М. Савельевай.
Праводзіліся сумесныя акцыі РК ГА БРСМ, ТЦСАН і аддзела па справах моладзі райвыканкама: юныя валанцёры раздавалі бацькам з дзецьмі вітаміны і прапаноўвалі прысутным адмовіцца ад цыгарэты і атрымаць за гэта цукерку.
Тыя, хто прыйшоў 1 мая ў гарадскі амфітэатр і на пляцоўку каля ГЦКіС «Меліяратар», таксама зарадзіліся бадзёрасцю і аптымізмам ад канцэртна-забаўнай праграмы, падрыхтаванай работнікамі аддзела культуры райвыканкама.

Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *