Масавы характар нарыхтоўка кармоў у раёне набыла ў трэцяй дэкадзе мая. Па стану на 1 чэрвеня ў раёне скошана 3260 га з 6935 га першага ўкосу (47%), травы на корм убраны з 776 га. Нарыхтавана 1017 тон сена і 5140 т сенажу, што ў тонах кармавых адзінак дае 1927 т, у цэнтнерах к.а. на ўмоўную галаву жывёлы – 1,17.
31 мая мы пабывалі ў КСУП «Аравічы». Зялёны канвеер тут працуе ў зладжаным рытме. Расказвае галоўны аграном гаспадаркі К.У. Шыркавец:
– На кашэнні траў задзейнічаны Яўгеній Міхайлавіч Кравец, які працуе на энерганасычаным трактары МТЗ-3022 і касілцы КДД-9,2. Пасля таго, як трава скошана, зялёная маса правяльваецца і потым у работу ўступае механізатар Сяргей Аляксандравіч Лук’яненка. Граблямі ГВБ-6,2 на трактары МТЗ-920 ён варушыць падвяленую масу. Пасля чаго Алег Уладзіміравіч Гарбачоў (на здымку злева) магутным «Ягуарам-870» падбірае і здрабняе зялёную масу, адначасова грузячы яе ў кузаў аўтамабіля. Усяго на адвозцы ў нас занята 5 МАЗаў і 3 трактары, на адным з якіх – Валерый Мікалаевіч Віннік.
Першай мы закладваем сянажную траншэю на Барысаўшчанскай МТФ. Яе ёмістасць – 1100 тон сенажу, трамбоўку вядзём трактарам К-700. На ім, змяняючы адзін аднаго, сянажную масу кругласутачна трамбуюць Мікалай Мікалаевіч Жураўскі і Міхаіл Васільевіч Фешчанка. Закрыць сянажную яму плануем 1 чэрвеня, затраціўшы на яе закладку 4 дні, як таго і патрабуе тэхналогія.
У размове з А.У. Гарбачовым механізатар адзначыў, што ў адрозненне ад мінулага года, надвор’е спрыяе нарыхтоўцы больш сухой травяной масы, а значыць пры захаванні тэхналогіі закладкі можна разлічваць на высокую якасць сенажу.
Важнасць захавання тэхналогіі закладкі зялёнай масы на сянаж падкрэслівае і галоўны ветэрынарны ўрач раёна А.М. Кудака.
– Сянаж – корм, прыгатаваны з правяленых да 50-55% вільготнасці траў. Кансервіруючыя фактары сенажу – фізіялагічная сухасць масы і анаэробныя (гэта значыць без доступу кіслароду) ўмовы захоўвання. Таму так важна весці трамбоўку масы бесперапынна (у тым ліку – і ў начны час) на працягу ад 3 (для траншэі ёмістасцю 500 т) да 5 дзён (больш 500 т), максімальна выціскаючы з масы кісларод. Пры гэтым рэзка зніжаецца або спыняецца жыццядзейнасць бактэрый і плесневых грыбоў, таму ў сенажы менш утвараецца арганічных кіслот і застаецца больш цукру, а значыць ён набудзе больш высокую пажыўную каштоўнасць і засваяльнасць.
Шчыльнасць трамбоўкі залежыць не толькі ад вільготнасці і ступені здрабнення масы (да 5 см), але і тэхнікі, занятай на трамбоўцы. Весці яе неабходна цяжкімі калёснымі трактарамі з максімальным ціскам унутры шын – К-700 і Т-150К. Паказчыкам правільнага ўшчыльнення з’яўляецца тэмпература масы, якая не павінна перавышаць 35-37 градусаў. На завяршаючым этапе важна ўкрыць траншэі плёнкай для герметычнасці захоўвання.
Перш чым прыступаць да закладкі сенажу, неабходна было падрыхтаваць сянажныя траншэі: забетаніраваць ямы і выбоіны на дне, затынкаваць цэментным растворам трэшчыны і шчыліны ў сценах, прадэзінфіцыраваць, забяспечыць пад’езды. На апошнім – падрыхтоўцы пад’язных шляхоў і «пагарэлі»сёлета ў эксбазе «Стралічава», з-за чаго да закладкі сенажу прыступілі пазней астатніх гаспадарак раёна.
Не вельмі спяшаліся з яе пачаткам і ў КСУП «Велікаборскі», гэтаму ж сельгаспрадпрыемству ўласціва і такое парушэнне, як зацягванне тэрмінаў закладкі траншэй.
Віктар НАЗАРАНКА.