Гэтае народнае выказванне ў поўнай меры адносіцца ды жыхара нашага горада Аляксандра Уладзіміравіча Сачанкі. Ён з тых людзей, які за што ні возьмецца, выканае на сумленне. У доме № 17а па вуліцы Калесніка са сваёй сям’ёй жыве параўнальна нядаўна, але і за гэты даволі кароткі час многае зрабіў у плане добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі.
Муж і жонка, Аляксандр Уладзіміравіч і Святлана Валянцінаўна Сачанкі, можна сказаць, натрэніраваўшыся ў абустройстве свайго жылля, дзе сваё «Я» ў арганізацыі дамашняй прасторы сказала жонка, з імпэтам узяліся за акультурванне ўчастка каля пад’езда з боку сваёй кватэры № 1. Тым больш, што быў добры прыклад: гэтую справу з года ў год робіць суседка па пад’езду Ларыса Уладзіміраўна Каваленка.
Звярнуліся да пражываючай у пад’ездзе дырэктара дрэваапрацоўчага камбіната М.К. Шутавай, і яна дапамагла з матэрыяламі для агароджы, якую ўстанавіў Аляксандр Уладзіміравіч. А Святлана Валянцінаўна высадзіла кветкі, якія, можна было назіраць, у спякотныя дні палівала вадой, каб не засохлі, разам з дзецьмі – дачкой Таняй і сынам Раманам.
– Любое дзеянне, няхай самае малое, паступова вядзе да пэўнага выніку ў будучым. Нават узмах кволага крыльца бязважкага матылька можа стаць лёсавызначальным, – мяркуюць муж і жонка Сачанкі. – Усім вядома, што калі з ранняга дзяцінства прывучаць дзіця да парадку, то і ў дарослым жыцці яно будзе імкнуцца да акуратнасці і дысцыпліны.
Першую скрыпку ў працоўным выхаванні дзяцей адыгрывае гаспадар. Рана застаўшыся без бацькі, ён быў галоўным памочнікам для маці ў выкананні дамашніх спраў, хаця быў трэцім дзіцём сярод трох сясцёр. І ўжо ў пачатковых класах пачаў цікавіцца тэхнікай. Таму невыпадкова пасля заканчэння Партызанскай сярэдняй школы месцам вучобы Аляксандр выбраў Буда-Кашалёўскі аграрна-тэхнічны каледж, дзе атрымаў спецыяльнасць электраманцёра. Яго некаторыя аднакласнікі, не доўга думаючы, з’ехалі пасля школы ў сталіцу ці абласныя цэнтры. Жыццё ў вялікім горадзе не прываблівала Аляксандра, таму адслужыўшы пасля каледжа ў арміі, вярнуўся дамоў, стварыў сям’ю, узяўшы шлюб са сваёй зямлячкай – Святлана Валянцінаўна таксама ўраджэнка Вялікага Бору. Цяпер іх дачка Таня перайшла ў чацвёрты клас, а сын Раман – першакласнік СШ № 3.
Працаваў па спецыяльнасці ў ДБУ-23, на чыгуначнай станцыі «Хойнікі», а ўвесь апошні час з 2001 года – у калектыве раёна электрычных сетак. Тут ён на добрым рахунку, карыстаецца павагай і аўтарытэтам сярод калег па працы і ў кіраўніцтва арганізацыі. Зараз А.У. Сачанка з’яўляецца майстрам камплекта трансфарматарных падстанцый.
Магчыма, выбар спецыяльнасці паўплываў, ці дасціпнасць, але А.У. Сачанка самастойна авалодаў майстэрствам рамонту рознай бытавой тэхнікі. І калі аб гэтым папросяць суседзі або знаёмыя, нікому не адмовіць. Гэта ж датычыць і сантэхнічных работ. Тыя, хто ведае Аляксандра Уладзіміравіча, адзначаюць і ўласцівыя яму рысы характару: словам не абразіць, учынкам не пакрыўдзіць, добры сем’янін, адным словам – гаспадар.
Сёлетнім летам па ініцыятыве А.У. Сачанкі тэрыторыя каля пад’езда набыла больш прывабнае аблічча за кошт устаноўкі новай агароджы. Са штыкетнікам зноў жа дапамагла М.К. Шутава, каробку збіваць дапамагаў сусед з трэцяга паверха У.В. Шлёг, які зусім нядаўна сюды перасяліўся. Афарбоўкай агароджы за свае сродкі займалася сям’я Сачанкаў, а таксама Л.У. Каваленка з дачкой Маяй, якая жыве асобна.
Па вечарах жыхары гэтага, а таксама суседняга пад’езда збіраюцца тут, каб правесці вольны час. І сузіраюць рукатворную прыгажосць. Шматлікія кветкі ў пару цвіцення ствараюць атмасферу ўрачыстасці, пышнай прыгажосці. На гэтым баляванні колераў уладараць хрызантэмы, гваздзікі, петуніі, чарнабрыўцы, а будучым летам расцвітуць ружы.
Так добраўпарадкаваць тэрыторыю можна каля кожнага пад’езда, павінны толькі быць ініцыятыва і нераўнадушша да прыгожай справы.
Клаўдзія БОСАК.