Прычына ў бескантрольнасці

Законнасць і парадак

Сярод шматлікіх форм работы па прафілактыцы ў раёне п’янства, праверцы захавання правіл аховы працы – выезды мабільнай групы райвыканкама на прадпрыемствы, у арганізацыі. У пачатку жніўня наведалі леспрамгас, лясгас, малочнатаварныя фермы «Карчовае» «Хойніцкага Аграсервіса», а таксама «Валокі» і «Малішаў» КСУП «Судкова».



Поўная супрацьлегласць назіраецца ў леспрамгасе і лясгасе. Першаму ў другога павучыцца трэба. У лясгасе парадак, чысціня паўсюль, інфармацыя на стэндах абноўлена, вось толькі прыпазніліся з размяшчэннем плакатаў-календароў па выбарах у беларускі Парламент,  бытавыя ўмовы для людзей на вышыні. У леспрамгасе не праводзіцца ўборка памяшканняў, унутрыдваравая тэрыторыя не абкошана, няма ніякай карысці ад стэндаў – ці пустуюць, ці ўстарэлая інфармацыя на іх, напрыклад, цяпер яна датычыць святкавання Дня Незалежнасці, якое мінула больш месяца назад.



На МТФ «Карчовае» зранку 2 жніўня на працы быў п’яны работнік. Западозрылі яго ў гэтым па пустой бутэльцы і зрабілі праверку алкатэстам.Умовы для знаходжання жывёлаводаў тут не створаны. У памяшканні, дзе знаходзіцца топачны кацёл, усё да кучы – і рэчы работнікаў, і даільнае абсталяванне, электракіпяцільнік. Ні на якія экраны працоўнага спаборніцтва нават намёку няма.



У калег на МТФ «Валокі» і «Малішаў» на момант наведвання вяліся работы па кармленню жывёлы, працягвалася ранішняя дойка. Пры гэтым самастойна зрабілі сабе выхадны і не выйшлі на працу ў большасці абавязаныя асобы, якія згодна з Дэкрэтам №18 павінны вяртаць штомесяц з зарплаты дзяржаве сродкі на выхаванне сваіх дзяцей за тое, што самі не глядзяць іх належным чынам. Такіх прагульшчыкаў было 2 жніўня 5 чалавек. Усе жывёлаводы – Мікалай Шпарун, Марыя Блінова, Сяргей Зубок, Лілія Дземчанка, Святлана Анікейчанка.



На МТФ «Малішаў» нехта «клапатліва» прыгатаваў сабе дадому ці на продаж сумку з камбікормам, але ж, зразумела, злодзея ўстанавіць не ўдалося. Ніхто нічога не чуў, не бачыў. У пакоі жывёлавода стаяла на стале пустая бутэлька з-пад гарэлкі, паўсюдна не ўбрана.
Усе гэтыя парушэнні сведчаць аб адным – адсутнасці строгага кантролю з боку спецыялістаў. Людзі ўпэўнены ў сваёй беспакаранасці, ніякай адказнасці за сабой не адчуваюць, вось і творыцца такое бязладдзе. Пра якія вынікі ў вытворчасці можна гаварыць пры гэтым? Ганьба так ставіцца да працы, ды яшчэ высокую зарплату патрабаваць. За што плаціць?
Праверкі будуць працягвацца. Да адказнасці будуць прыцягвацца не толькі канкрэтныя вінаватыя, але і адказныя за дысцыпліну і парадак у працоўным калектыве, не выключаючы і кіраўніка.



В. САВЕЛЬЕВА, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *