“Юнакі” збіраюць сяброў

Рэха падзеі

У многіх народаў не прынята адзначаць саракавы дзень нараджэння – у адпаведнасці з рэлігійнымі вераваннямі такія ўрачыстасці лічацца і неразважлівымі, і небяспечнымі. Мяркую, што такая прыкмета больш датычыць лёсаў асобных людзей, якія самі вырашаюць, як ім ставіцца да такога юбілею. Але перакананы ў тым, што ў адносінах да творчых калектываў 40-годдзе сцэнічнай дзейнасці можна з поўным правам назваць дасягненнем, з усімі належачымі ў такім выпадку ўшанаваннямі.



Менавіта такі юбілей у гэтым годзе адзначае добра вядомы не толькі ў нашым горадзе, але і за яго межамі ансамбль «Юнакі Палесся». Яго нараджэнне ў 1972 годзе, а потым станаўленне і росквіт у 70-80-х гадах мінулага стагоддзя праходзілі паралельна з часамі нашай маладосці. Памятаю, з якім зачараваннем і захапленнем мы, у той час яшчэ толькі старшакласнікі, слухалі галасы братоў Анатолія і Леаніда Навуменкаў, Паўла Барадуліна, Вольгі Клеменцавай (потым яна ўзяла прозвішча мужа, які таксама некаторы час быў салістам ансамбля Аляксандра Кавалёва), Ліліі Зайцавай, Анатолія Афанасьева, які больш быў вядомы ў Хойніках пад незвычайнай, але ўзнёслай мянушкай «Каўказ». Гукі электрагітар і электрааргана, а таксама жывыя і чыстыя галасы выканаўцаў былі для нас куды бліжэй, а галоўнае – прывабней гучання запісаў прафесійных калектываў з вінілавых грампласцінак і магнітафонных стужак і касет. Ужо ў той час музыканты «юнакоў» імкнуліся да імправізацыі ў інструментальнай складаючай гучання ансамбля, а таксама да музычна адукаванага шматгалосся ў вакальнай яго частцы. Гэты стратэгічны напрамак цвёрда вытрымліваўся на працягу ўсіх чатырох дзесяцігоддзяў творчай дзейнасці «Юнакоў Палесся».



З першых жа дзён існавання ансамбля яго нязменным кіраўніком стаў Анатолій Навуменка. Гэтае званне ён меў не толькі па форме, але і па прафесійных, і па чалавечых якасцях. Музыкант ад Бога, талент і віртуоз у выкананні на любых інструментах – на баяне і гармоніку, фартэпіяна і акардэоне, гітары і кантрабасе, ён імгненна схопліваў сутнасць мелодыі, гэтак жа імгненна на клавішах раскладваў яе на галасавыя партыі і беспамылкова адчуваў нават самую нязначную фальш. Мне пашчасціла тры гады выходзіць на сцэну ў складзе «юнакоў», таму выдатна памятаю шматгадзінныя рэпетыцыі, калі Анатолій Аляксандравіч і сам працаваў нястомна, і ад нас патрабаваў таго ж, шліфуючы і ўдасканальваючы гучанне кожнай ноты, кожнага галасавога і інструментальнага акорда.



У 1973 годзе замест Анатолія Афанасьева («Каўказа»), якому надышоў час служыць у арміі, «Юнакі Палесся» ўзялі маладога гітарыста Паўла Барадуліна. З першай сваёй рэпетыцыі і да сённяшняга дня ён так і застаецца верным гэтаму калектыву. Іх творчая і жыццёвая садружнасць з Анатоліем Навуменкам стала падмуркам прафесійных дасягненняў і поспехаў ансамбля. І сапраўды, не магла не ўразіць, не крануць за душу ідэальная сугучнасць іх галасоў – пранікнёны лірычны тэнар Навуменкі і аксамітны барытон Барадуліна доўгі час былі візітнай карткай «юнакоў». А высокі прафесіяналізм і выдатны мастацкі густ гэтага дуэта вызначалі і рэпертуарную палітыку ансамбля, у якога проста не было дрэнных, нізкапробных песень (больш таго, некаторыя з іх нават набывалі новае гучанне і станавіліся папулярнымі менавіта пасля іх выканання «юнакамі»), і арыгінальныя, высокамастацкія аранжыроўкі. Адным словам, зрабіўшы папраўку на маштаб, можна параўнаць іх значнасць у нашым ансамблі са значнасцю Ленана і Макартні ў славутых «Бітлз». І нездарма менавіта яны сталі аўтарамі музыкі да не забытай і сёння песні «Горят над Хойниками зори».



За гэтыя чатыры дзесяцігоддзі праз састаў ансамбля, вытрымаўшы жорсткі адбор па прафесійных і чалавечых якасцях, прайшло мноства самадзейных выканаўцаў. Сёння, азіраючыся назад, яшчэ раз пераконваюся ў тым, што кожны з іх быў па-свойму таленавітым і адораным прыродай і Богам. Напрыклад, росквіту ў вакальным гучанні «Юнакі Палесся»дасягнулі ў першай палове 80-х, калі да галасовага акорду Навуменкі і Барадуліна далучыліся галасы Уладзіміра Чарнякова, Аляксандра Усава (вось каму Бог даў таленту нямерана!), Сяргея Паўлава, сясцёр Ірыны і Таццяны Храпуновых. У той час кожную галасавую тэму А.Навуменка раскладваў на чатыры партыі, якія дадаткова дубліраваліся праз актаву, і са сцэны гучала ідэальнае васьмігалоссе – не кожны, нават прафесійны ВІА, мог пахваліцца гэтым. Не магу пазбавіцца ад усмешкі, успамінаючы аб тым, як недаверлівыя госці з вялікіх гарадоў, якія заўсёды звысоку ставіліся да правінцыялаў, шукалі за сцэнай магнітафон, які быццам бы гучаў за нас у час танцавальнага вечара.
Узорам для многіх самадзейных музыкантаў-інструменталістаў, якіх нямала было тады ў раёне, стала выканаўчае майстэрства гітарыстаў Віктара Кірычака і Аляксандра Усава, барабаншчыкаў Уладзіміра Чарнякова, Леаніда Навуменкі (ён, як і брат, быў шчодра адораны Богам як цудоўным голасам, так і выдатным валоданнем многімі музычнымі інструментамі), Уладзіміра Клапатка, не кажучы ўжо пра найвышэйшы выканаўчы ўзровень Анатолія Навуменкі і Паўла Барадуліна. Дзякуючы гэтаму «Юнакі Палесся» не раз выходзілі пераможцамі на конкурсах і фестывалях самадзейнай творчасці, запісваліся на тэлебачанні, не раз выступалі з канцэртамі за межамі раёна, у тым ліку – тройчы ў дааварыйным Чарнобылі. Не дзіўна, што папулярнасць «юнакоў» у той час у горадзе і на вёсцы была бязмернай, а дамовіцца з імі пайграць на ўласным альбо на вяселлі ў сваіх родных, лічылася вышэйшым шыкам або, кажучы сённяшняй мовай, «найвышэйшай круцізной».



Потым, калі ў пачатку 90-х жывое гучанне паступова  выціснула тэхна-музыка дыскатэк, пайшла на спад і папулярнасць «Юнакоў Палесся». Але сваёй ранейшай дзейнасцю ансамбль унёс яркі і дастойны ўклад у культурную і гістарычную спадчыну нашага раёна.
25 жніўня на святкаванні 500-годдзя горада многія з тых, хто ствараў гэтую музычную памяць пакаленняў, праз доўгі час развітання са сваімі слухачамі, яшчэ раз выйдуць на сцэну. Але ніколі не будзе сярод іх Анатолія і Леаніда Навуменкаў, бас-гітарыстаў Віталія Самка і Генадзія Галдзецкага, трубачоў Віктара Дырвянскага і Іосіфа Куліка – на жаль, іх ужо няма сярод нас. Аднак іх справу працягнуць і падораць вам сваё мастацтва і талент Павел Барадулін, Аляксандр Усаў, Віктар Кірычак, Мікалай Нікіценка, Генадзій Белаш і Васілій Марчанка, сёстры Храпуновы. Прыходзьце, самі пераканаецеся ў гэтым, і не пашкадуеце!  



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *