Ганаровая традыцыя

Сельское хозяйство

У гэтым годзе ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу штомесячна, а таксама паквартальна і за паўгоддзе падводзяцца вынікі працоўнага спаборніцтва жывёлаводаў.


Пераможцам у індывідуальным саперніцтве ўручаюцца адпаведныя граматы і прыемны грашовы дадатак да іх (адна базавая велічыня) ад гаспадаркі. Калі прагартаць сёлетнюю падшыўку нашай газеты за прайшоўшыя месяцы, можна выявіць, што ў сакавіку, красавіку, а таксама ў чэрвені пераможцай сярод аператараў машыннага даення кароў станавілася Святлана Аляксандраўна Свірыдава  з эксперыментальнай базы «Стралічава».  Не стаў выключэннем і мінулы месяц ліпень – сярэдні надой ад каровы ў групе С.А. Свірыдавай склаў 3405 кілаграмаў. А гэта зноў-такі лепшы паказчык у раёне, і працоўныя перамогі Святланы Аляксандраўны ўжо паступова становяцца ганаровай традыцыяй.
У эксперыментальнай базе «Стралічава» яна з 1998 года. Па першым часе працавала на ўздапаможнай вытворчасці – на мясцовым спіртзаводзе, а потым, з пачаткам 2000-х гадоў, жанчына перайшла ў жывёлагадоўлю.



Свой працоўны стаж жывёлавода Святлана Аляксандраўна пачынала на ферме ў Губарэвічах, а потым яе перавялі на малочнатаварную ферму № 1 у Стралічаве.
Сціплая і нешматслоўная жанчына паўсюдна вызначалася працавітасцю, адказнасцю ў адносінах да выканання сваіх абавязкаў. Таму яе заўсёды цаніла і паважала кіраўніцтва гаспадаркі, а таксама таварышы па рабоце і на Губарэвіцкай МТФ, і на Стралічаўскай ферме № 1.



З лютага гэтага года Святлане Аляксандраўне прапанавалі перайсці на новы жывёлагадоўчы комплекс у Стралічаве. Падумала-падумала, згадзілася, а сёння ўжо не шкадуе аб гэтым выбары. Калектыў на ферме падабраўся неблагі, працуюць тут 4 асноўныя даяркі і адна падменная. Пытаюся ў Святланы Аляксандраўны аб тым, як паўплываў тэхнічны прагрэс на ўмовы яе работы:
– Канешне ж, нельга параўноўваць комплекс і звычайную ферму: на комплексе намнога менш ручной працы, – такім быў адказ  С.А. Свірыдавай.
Аднак праз паўзу Святлана Аляксандраўна дадала:
– І ўсё ж вынікі работы кожнага чалавека залежаць ад яго адносін да даручанай справы. Якія б дасягненні нам не прапаноўвалі вучоныя, але ж і тэхніка ламаецца ў няўмелых руках, і самыя найноўшыя сістэмы не дадуць эфекту без захавання элементарнай працоўнай дысцыпліны.
А вось аб прафесійных якасцях гэтай жанчыны красамоўна выказаўся начальнік Стралічаўскага жывёлагадоўчага комплексу Сяргей Аляксандравіч Хутарцоў:
– Выдатная работніца, добрасумленна ставіцца да сваіх абавязкаў, якасна выконвае сваю работу. Думаю, што маю права так казаць, бо ведаю Святлану Аляксандраўну не адзін год па сумеснай рабоце.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *