«Наш горад – наш гонар»

Рэха падзеі

Хойнікі адзначаюць сур’ёзны юбілей – 500-ю гадавіну свайго нараджэння. За прайшоўшы час існавання з нашым горадам былі звязаны лёсы многіх соцень тысяч людзей. Багатае гістарычнае мінулае Хойнік адлюстравана ў дапаможніках па гісторыі і вядома далёка за межамі нашага рэгіёна.



А сёння  Хойнікі  –   добра    развіты прамысловы раённы цэнтр, дзе маецца 13 прадпрыемстваў. З года ў год па ўсіх асноўных прагнозных паказчыках дасягаецца адчувальная станоўчая дынаміка. Так, за 7 месяцаў сёлета атрымана вытворчай прадукцыі на суму 74 млрд. руб., што ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года складае 237,5% у дзеючых цэнах. Сфарміравана станоўчае сальда знешнегандлёвага баланса таварамі і паслугамі ў памеры 142,4 тыс. долараў ЗША. Аб’ём інвестыцый склаў 233,8 млрд. руб. і павялічыўся ў параўнанні з леташнім перыядам на 63%. Рознічны тавараабарот прадпрыемстваў гандлю і грамадскага харчавання склаў 112,5 млрд. руб., або 103,1% да ўзроўню мінулага года. Неабходна адзначыць, што агульныя тэндэнцыі росту эканамічных паказчыкаў дазволілі значна палепшыць фінансавы стан прадпрыемстваў, павысіць іх узровень плацёжаздольнасці. Флагманам прамысловасці ў горадзе з’яўляецца завод гідраапаратуры. Асноўны напрамак яго дзейнасці – кааперацыя з рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам «Мінскі трактарны завод», якая складае зараз 90% у агульным аб’ёме вытворчасці. Стаіць задача да канца гэтага года ва ўсіх працоўных калектывах дабіцца сярэдняй заработнай платы ў 500 долараў, а дзеля гэтага прадпрымаюцца ўсе захады – па павелічэнню і абнаўленню вытворчасці, расшырэнню рынкаў збыту.



Наш рэгіён з’яўляецца аграрным, і гэта не выпадкова. Сельскагаспадарчай галіне традыцыйна адводзіцца асаблівая роля. Бягучы сельскагаспадарчы год  адзначаны вялікай працоўнай перамогай – хлебаробы Хойнікшчыны першымі ў Гомельскай вобласці закончылі ўборку збожжавых і зернебабовых культур. Валавы збор збожжа склаў 32 тыс. тон, у той час як мінулым годзе ў дзяржаўныя засекі паступіла яго 26,6 тыс. тон. А гэта азначае, што хойніцкія аграрыі не проста кормяць свой раён, але і забяспечваюць яго харчовую бяспеку.
Пры гэтым трэба адзначыць, што жывём і працуем мы ў постчарнобыльскіх умовах, але з бядой, якая напаткала Хойнікшчыну ў 1986 годзе, справіліся дастойна, з аптымізмам глядзім у будучыню. У апошнія гады наш горад з’яўляецца вялікай будоўляй, зусім нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом у райцэнтры сацыяльнага і службовага прызначэння. Многія жыхары маюць магчымасць палепшыць свае жыллёвыя ўмовы за кошт ільготнага крэдытавання, зараз ажыццяўляецца будаўніцтва трэцяга кааператыву.
Ажыццяўляецца і сельскагас-падарчае будаўніцтва – у планах узвядзенне свінакомплексу на 12 тыс. галоў адкорму ў год у КСУП «Судкова» і малочнатаварнага комплексу ў «Велеціне» на 600 галоў.



У сферах забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва назіраюцца таксама добрыя перамены. Для зручнасці нашых людзей адкрываюцца сучасныя магазіны, аснашчаныя высокатэхналагічным абсталя-ваннем. За кошт дзяржаўных сродкаў зараз у цэнтральнай раённай бальніцы праводзяцца рамонтныя работы. Да юбілею ў ЦРБ паступяць новыя аўтамабілі хуткай дапамогі, таксама новыя аўтобусы плануецца  задзейнічаць на пасажырскіх перавозках у горадзе.
Вельмі многае робіцца і зроблена  па добраўпа-радкаванню і навядзенню парадку на зямлі. Дастаткова сказаць, што толькі сёлета ў раёне знесена  280 пустуючых домаўладанняў, гэта значна больш чым за прайшоўшыя 25 гадоў, у сельскагаспадарчы абарот сёлета ўведзена больш за 470 гектараў плошчаў. Наш горад, сельскія населеныя пункты прыгажэюць дзень за днём.



На прыгожай хойніцкай зямлі жывуць і працуюць людзі, сапраўдныя прафесіяналы справы,   якія  любяць сваю работу і выконваюць яе на сумленне. Яны знаходзяцца на пярэднім краі пераўтварэнняў, працягваюць лепшыя традыцыі ў розных  сферах жыцця. Дзякуючы іх паўсядзённай працы актыўна адраджаецца і развіваецца нацыянальная культура, умацоўваюцца міжрэгіянальныя і міжнацыянальныя сувязі, якія садзейнічаюць самабытнасці нашага раёна. Хойніцкія педагогі паспяхова асвойваюць новыя вучэбныя праграмы, самыя сучасныя метады работы, рэалізуюць перспектыўныя праекты. У нашым раёне створана эфектыўная сістэма сацыяльнай дапамогі.
Значная роля ў жыцці рэгіёна належыць камунальнай і дарожнай службам, дзякуючы якім пераўтвараюцца вуліцы і скверы, становіцца цяплей і ўтульней у кватэрах, што напрамую адбіваецца на настроі людзей.



Пералік імён нашых людзей, якія прынеслі добрую славу Хойнікшчыне, можна сказаць, вылічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі. І пералічыць іх проста немагчыма. Але не магу не назваць прозвішча Вольгі Худзенка, якая стала ў жніўні бронзавым прызёрам ХХХ Алімпійскіх гульняў у Лондане ў саставе байдаркі-чацвёркі. І выказваю надзею, што нашы маладыя хайнічане яшчэ парадуюць нас бліскучымі перамогамі ў навуцы і спорце.
Я ўпэўнены, што наш горад чакае цудоўнае будучае. Зробленая вялікая работа да яго юбілею – гэта не фініш, а старт новага этапа развіцця ўсіх сфер гарадской гаспадаркі, павышэння якасці і ўзроўню жыцця хайнічан.
Выказваю словы вялікай удзячнасці тым, хто сваім талентам, працай, энергіяй унёс неацэнны ўклад у стварэнне матэрыяльнага і інтэлектуальнага патэнцыялу нашага горада: гэта перш за ўсё нашы паважаныя ветэраны, працоўныя калектывы прадпрыемстваў, работнікі адукацыі, аховы здароўя, культуры, спецыялісты іншых галін гарадской гаспадаркі, прадпрымальнікі.
Жадаю ўсім хайнічанам новых здзяйсненняў, якія прадоўжаць захапляючую і яркую старонку ў гісторыі Хойнік.



Са святам, дарагія землякі!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *