Юбілей – сур’ёзны, святкаванне – грандыёзнае

Рэха падзеі

Здаецца, што хойніцкага гледача цяжка здзівіць – за апошнія гады ў нас праводзіліся абласныя Дажынкі, рэспубліканскае свята беларускага пісьменства. Але ж 500-гадовы юбілей Хойнік стаў па-сапраўднаму грандыёзным і незабыўным святам.


Карагод яскравых імгненняў, які пачаўся вечарам у пятніцу 24 жніўня, не заціхаў усю суботу 25 жніўня. Раённы арганізацыйны камітэт на чале са старшынёй райвыканкама А.І. Цітком, кажучы вобразна, падрыхтаваў для горада-імянінніка «вялізны торт»: замясілі цеста з танцаў і песень, падрыхтавалі крэм з выставак, гульняў ды забаў, выкарысталі пасыпку ў выглядзе гандлёвых радоў і ўпрыгожылі ўсё неапісальным па ўражаннях феерверкам.



«Святкаванне прайшло на дастойным узроўні, – адзначыў пазаўчора на апаратнай нарадзе кіраўнік раёна А.І. Ціток. – Усе службы, прыняўшыя ўдзел у падрыхтоўцы да юбілею, жыхары горада, якія адгукнуліся на заклік аб навядзенні парадку на зямлі, – малайцы, усім дзякуй. Пры гэтым я ўпэўнены, што мы разам здольны на большае».


Прыбраныя, светлыя Хойнікі, у моры агнёў і кветак, часова ператварыліся ў адну вялікую канцэртную пляцоўку. Урачыстае адкрыццё свята адбылося на плошчы Леніна. Сюды з пасівелых вякоў прыйшлі павіншаваць хайнічан і гасцей, падзякаваць ім за здабыткі, якія прымножылі славу горада, Караль і Людвіка Прозары. У падарунак нашчадкам гістарычныя персанажы пакінулі пісьмовы наказ і дары з графскага запасу.



Неабсяжны букет шчырых пажаданняў і падарункаў прыпаднеслі гораду-юбіляру і яго жыхарам ганаровыя госці – намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама В.В. Барысенка, былыя кіраўнікі раёна, сябры з Мазыршчыны і Веткаўшчыны, прадстаўнікі ваеннага камісарыяту Гомельскай вобласці, знакамітыя землякі, спонсары і дэлегацыі Добрапольскага, Народзіцкага, Іванкаўскага раёнаў суседняй Украіны.



Адзін з самых каштоўных прэзентаў падаспеў якраз да юбілею роднага горада – бронзавы медаль ХХХ Летніх Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане. На свяце яе ўладальніцы Вользе Худзенка было прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Хойніцкага раёна». Апранулі чырвоную стужку з адпаведным надпісам і ўручылі пасведчанне, дыплом і сувенір нашай спартыўнай зорачцы старшыня райвыканкама А.І. Ціток і старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар. Ад імя старшыні Гомельскага аблвыканкама У.А. Дворніка Падзяка за выхаванне дачкі ўручана маці спартсменкі – А.У. Худзенка.
Сёння наш горад такі прыгожы і ўтульны дзякуючы адданай працы, агульным намаганням і творчасці яго жыхароў. На ўрачыстасці за плённую сумесную працу з прадстаўнічымі дзяржаўнымі органамі Хойнікшчыны і вялікі асабісты ўклад у добраўпарадкаванне раёна Ганаровай граматай райвыканкама адзначаны дырэктар Хойніцкага лясгаса І.Ф. Астапенка, дырэктар РСУП «Палессе» Я.В. Белаш, генеральны дырэктар КУП «Гомельмеліяводгас»В.П. Бруневіч, дырэктар ПДРЭЗ П.М. Кудан. Падзякай райвыканкама ўзнагароджаны дырэктар Хойніцкага завода гідраапаратуры В.Я. Смальцар і генеральны дырэктар Гомельскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання М.П. Супрун.



Ганаровай граматы раённага Савета дэпутатаў за вялікі асабісты ўклад у арганізацыю работ па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі раёна ўдастоены дырэктар ААТ «Хойнікірамбуд» Г.А. Васіленка, дырэктар Хойніцкага ПМС В.У. Іванюценка, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Ф. Кулакоўская.
Сардэчныя віншаванні на свяце гучалі ў адрас шчаслівых бацькоў Наталлі Уладзіміраўны і Дзмітрыя Сяргеевіча Старавойтавых, у сям’і якіх напярэдадні 500-гадовага юбілею нарадзіўся сын. Пасведчанне аб яго нараджэнні пад апладысменты публікі маладым людзям уручылі кіраўнік раёна А.І. Ціток і начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама А.М. Дземідзенка.     



Да юбілею Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь, РУП «Белпошта» і выдавецкім цэнтрам «Марка» выпушчана мастацкая маркіраваная паштовая картка з арыгінальнай маркай «500-годдзе першай згадкі Хойнікаў». Адкрыццё свята было адзначана ўрачыстым сумесным нанясеннем спецыяльнага штэмпеля і ўчыненнем подпісаў на мастацкай картцы намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама В.В. Барысенкам і старшынёй райвыканкама А.І. Цітком.



Захапіў дыханне гледачоў момант выпуску ў неба рознакаляровых шароў. Таксама з вялікім захапленнем усе сачылі за выступленнем духавога аркестра і роты Ганаровай варты.
А потым свята, дарэчы ўдзел у якім прыняла каля 7 тыс. чалавек, ракой разлілося па парку. На гандлёвых радах шумеў багаты кірмаш, які прывабліваў прыемнымі водарамі. Мясцовыя і прыезджыя прадпрыемствы бойка гандлявалі сваімі эксклюзіўнымі таварамі. Увесь час было мнагалюдна каля прыгожа аформленых сельскіх падворкаў. Аматараў мастацкіх вырабаў гасцінна сустракалі ў горадзе майстроў, на шматлікіх выстаўках, паказах, продажах. Мноства атракцыёнаў, дзіцячы паравозік, які курсіраваў па парку, інтэлектуальныя і спартыўныя конкурсы, асобная канцэртная праграма –  радасці дзяцей не было межы. Нежартоўныя баталіі разгарнуліся і  на гарадскім стадыёне. Прыхільнікаў незвычайных транспартных сродкаў прыцягнула выстаўка рэтра-аўтамабіляў і матацыклаў. Многія выказвалі жаданне ўбачыць любімыя Хойнікі з вышыні – аблёт на верталёце пакідаў у іх неапісальныя ўраджанні. А колькі было песен, танцаў… 



Яскравы адбітак пакінуў вячэрні  канцэрт арт-цэнтра «Капуста». Неверагодна ўражваючым было выступленне цыганскага тэатра «Джыпсі бэнд», балета «Флай», зоркі беларускай эстрады Ніны Багданавай. Кульмінацыйным стала каляровае шоу ад тэатра агню «Атэш».
У Пакроўскай царкве праведзена святочнае богаслужэнне. 
Завяршаючым акордам  свята стаў фантастычны па прыгажосці салют.



Два дні хайнічан і гасцей свята ў мора настальгіі сваімі душэўнымі песнямі акуналі «Юнакі Палесся». Усяго чым парадавала нас грандыёзнае свята, вядома, не пералічыць, гэта трэба было бачыць.


 Наталля ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *