Час на стыку лета і восені – адзін з самых напружаных і адказных для земляробаў. Пасля заканчэння ўборкі збожжавых паўстала задача вызвалення плошчаў ад саломы і лушчэння іржышча, потым без паўзы неабходна прыступаць да падрыхтоўкі глебы пад азімую сяўбу. А пасля таго, як у гаспадарках пасеялі азімы рапс, надыходзіць час класці ў раллю насенне азімых культур.
Непасрэдна азімай сяўбой у акцыянерным таварыстве займаецца Міхаіл Міхайлавіч Лабада, якому таксама не займаць майстэрства і вопыту. Перад выхадам у поле, улічваючы тып глебы, праводзіцца рэгуліроўка пасяўнога агрэгата АПП-6. Галоўны аграном «Аграсервіса» Аляксандр Мікалаевіч Шарманаў асабіста задае неабходныя параметры нормы высеву насення і глыбіню іх задзелкі ў глебу. А гэта гарантуе раўнамернасць і шчыльнасць высявання. Дзённая норма, даведзеная механізатару, – пасеяць не менш 23 гектараў. Аднак штодня Міхаіл Міхайлавіч засявае па 40-45 га.
Усяго ў ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» плошча азімай сяўбы складае 900 гектараў, што на 250 га больш, чым сеялі такой жа парой летась. Прыбаўку атрымалі за кошт разворвання малаэфектыўных пашы і сенакосаў.
Па стану на 11 верасня пасяўныя работы выкананы на 225 гектарах – амаль на трэці запланаваных плошчаў. Ужо закончаны работы па сяўбе азімага ячменю, плошча якога з 5 гектараў у 2011 годзе сёлета ўзрасла да 50 га, набліжаецца да заканчэння сяўба азімай пшаніцы, на чарзе – жыта і трыцікале.
Па словах галоўнага агранома таварыства А.М. Шарманава, вялікая ўвага надаецца сортаўзнаўленню, прыкладна чвэрць усяго насеннага матэрыялу складае насенне эліты, астатняе – насенне першай рэпрадукцыі.
Работы па падрыхтоўцы глебы і сяўбе вядуцца дакладна і арганізавана, механізатарам, занятым на палявых работах, два разы за змену падвозяць гарачыя абеды. А калі ёсць дакладнасць і арганізаванасць, то і работа спорыцца.
Але не аднымі толькі пасяўнымі клопатамі заняты зараз у «Аграсервісе». Працягваюцца работы па хімпраполцы азімага рапсу, пачалася ўборка кукурузы на сілас, у глебу ўносяцца гліфасфатутрымліваючыя рэчывы. Адным словам, восень – работ восем.
Віктар НАЗАРАНКА.