Сярод многіх восеньскіх работ у гэтыя пагодлівыя вераснёўскія дні на першы план выходзяць азімая сяўба і ўборка кукурузы.
Па стану на 28 верасня пасяўныя работы ў гаспадарках раёна праведзены на 8391 га з 11 тыс. (76%). Што датычыць кукурузы, то гэтая сельскагаспадарчая культура сёлета ўрадзіла на славу ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Вось і ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Хойніцкі Аграсервіс» узвышаецца яна шчыльнай двухметровай сцяной, радуючы вока стройнымі, багатымі на лісце сцяблінамі і буйна налітымі пачаткамі. Такі малюнак засталі на ўчастку непадалёку ад Карчовага, дзе ўборку кукурузы на сілас вядуць два кормаўборачныя камбайны. Разгаварыліся з экіпажам аднаго з іх – камбайнерам Аляксандрам Анатольевічам Салаўёвым і яго памочнікам Віктарам Віктаравічам Жаўняком. Працуецца механізатарам у ахвоту: добры ўраджай, пагодлівае надвор’е, камбайн КГ-6 не падводзіць, паліва хапае, два разы на дзень кормяць на месцы гарачымі стравамі – што яшчэ іншае патрэбна для плённай і эфектыўнай работы? І людзі не падводзяць, перавыконваюць зменныя нормы і накіроўваюцца ў гараж ужо ў прыцемках.
На адвозцы кукурузнай масы на гэтым участку рэгулярна заняты 3-4 аўтамабілі і 2 трактары. Не першы год займаецца гэтай работай вопытны вадзіцель Аляксандр Рыгоравіч Чарняўскі (здымак 3), які таксама імкнецца не губляць ніводнай рабочай мінуты.
Кукурузная маса дастаўляецца да месца закладкі ў траншэі на Карчоўскай малочнатаварнай ферме. Вясной тут ужо закрылі адну 1000-тонную травяную сянажную траншэю, другую, ёмістасцю 1500 тон, запоўнілі кукурузным сіласам і завяршылі яе закладку ў пачатку трэцяй дэкады верасня.
А зараз кукурузная маса накіроўваецца ў курган – вертыкальны аналаг траншэі.Толькі зялёную масу тут пачалі класці не ў яму, а на пакрытую саломай заасфальтаваную аснову былога сенасховішча. Бакавыя сцены гэтага сіласнага сховішча стварылі некалькі радоў шчыльных саламяных рулонаў. У такіх вертыкальных ёмістасцях пры захаванні патрабаванняў тэхналогіі закладкі, у першую чаргу, шчыльнасці трамбоўкі і максімальнага выціскання з масы паветра – сіласная і сянажная маса таксама захоўвае ўсе свае пажыўныя якасці.
Трамбоўку на кургане ў Карчовым на магутных «Кіраўцы» і «Амкадоры» днём вядуць Валянцін Мікалаевіч Шлёг і Аляксандр Уладзіміравіч Бельскі, а ноччу на тым жа К-700 гэтым займаецца Пётр Пятровіч Раманавец. Так што перафразуючы вядомую песню, можна сказаць: «Не спяць курганы цёмныя»…
Пры агульным плане 7000 тон па стану на 26 верасня ў ёмістасцях на Карчоўскай МТФ ужо закладзена 5200 тон сіласна-сянажнай масы.
Віктар НАЗАРАНКА.