Калі спытаеце любога пажылога чалавека пра тое, што ў яго гады мае найбольшую каштоўнасць, адказ будзе адзін: увага з боку родных і блізкіх. Не выключэнне ў гэтым сэнсе і жыхарка вёскі Дворышча Кацярына Яўстратаўна Пінчук, якая чатыры гады назад размяняла дзесяты дзесятак. Увагай сваіх дачок, а іх шасцёра з мужам выхавалі, яна не абдзелена. Дажывае свой век ва ўласным доме, пабудаваным з мужам пасля вайны.
– Што-што, а галоднымі мы ніколі не былі, – заўважае старэйшая дачка Валянціна, ужо сама пенсіянерка, якая прыехала даглядаць маці на некаторы час з Жыткавіч. – Можа апранутыя хадзілі не заўжды так, як хацелася, але не галадалі. Праўда, давялося многа пагараваць бацькам, каб вывесці нас у людзі.
І Кацярына Яўстратаўна, і яе муж Іван Дзмітрыевіч ні хвілінкі не дазвалялі сабе сядзець без справы. Працавалі ў калгасе, спачатку за «палачкі», а потым за мізэрныя грошы. Але мара пра лепшае жыццё ніколі не пакідала іх, прыбаўляла сіл. У сям’і была багатая жыўнасць: каровы, свінні, качкі, куры. А яшчэ вялікі прысядзібны ўчастак, які дзякуючы нястомнай працы гаспадыні выглядаў дагледжаным. Ды і тэрыторыя каля дома ледзь ці не круглы год купалася ў кветках. Увогуле, парадак ва ўсім – гэта асноўны жыццёвы прынцып Кацярыны Яўстратаўны, які яна выконвала за працай калгаснай і па дому.
Працуючы ад цямна да цямна дзеля свайго, дзяцей, а потым і ўнукаў дабрабыту, доўгажыхарка ўпэўнена, што рабіла гэта нездарма – шасцёра дачок, 13 унукаў, 10 праўнукаў і шэсць прапраўнукаў шануюць і любяць яе.
Як гаварылася вышэй, Валянціна жыве ў Жыткавічах, Марыя і Зіна – у Мазыры, Юля – у Нясвіжы, Вольга ў Дворышчы, Люба – у аграгарадку Судкова, працуе ў мясцовым сельгас-прадпрыемстве бухгалтарам. Усе яны стварылі свае сем’і, вырасцілі дзяцей, маюць унукаў.
Вось такая яна Кацярына Яўстратаўна Пінчук, 94-гадовая жыхарка нашага раёна: шчырая, адкрытая, разважлівая, з багажом жыццёвай мудрасці і не адным дзесяткам гадоў нястомнай сялянскай працы. А пра рэцэпт яе даўгалецця можна толькі здагадвацца: жыць у згодзе з сабой і людзьмі, не цурацца фізічнай працы, клапаціцца аб прыгажосці роднай зямлі, мець увагу ад тых, дзеля каго жыла і жыве на зямлі. І хаця здароўя ў яе цяпер зусім мала, яе родныя хочуць, каб маці, бабуля і прабабуля як мага больш заставалася разам з імі.
Клаўдзія БОСАК.