Пра Віктара Леанідавіча Бланка ў эксбазе «Стралічава» гавораць, што гэты чалавек і днюе, і начуе на ферме. І сапраўды, вось у каго, кажучы канцылярскай мовай, ненарміраваны рабочы дзень: ад пяці гадзін раніцы, а калі трэба – то і таго раней, пачынаецца яго рабочы дзень і цягнецца да самага вечару.
Адзін ён спраўляецца з гэтым так, што малыя бычкі і цёлачкі штосутачна прыбаўляюць у вазе як мінімум па кілаграму. Таму і не дзіўна, што па выніках работы за 9 месяцаў года В.Л. Бланк узначальвае табліцу ў раённым спаборніцтве аператараў на адкорме буйной рагатай жывёлы.
У эксбазу «Стралічава» ён разам з жонкай, ветурачом Надзеяй Аляксандраўнай, прыйшоў на работу ў 1994 годзе. Да гэтага Віктар Леанідавіч жыў у далёкім Казахстане, усёй сям’ёй, разам з бацькамі таксама працавалі ў жывёлагадоўлі. Мясцовы саўгас у раней Цалінаградскай, зараз Акмалінскай вобласці, хаця і не быў, як тады казалі, мільянерам, але гаспадаркай лічыўся моцнай. Канец спакойнаму жыццю сям’і паклалі міжэтнічныя канфлікты, якія ў той час успыхнулі не толькі ў Казахстане, але і ва ўсёй Сярэдняй Азіі. І многім сем’ям рускамоўных грамадзян, якія ў момант сталі людзьмі другога гатунку, давялося шукаць лепшай долі на прасторах былога СССР.
Месцам прыстанішча сям’я Віктара Леанідавіча выбрала Беларусь, і не шкадуе аб гэтым. Тут яны атрымалі, няхай не новае, але прыгоднае жыллё. Саўгас «Стралічава» не толькі бясплатна выдзеліў яго перасяленцам, але і дапамог з рамонтам. З бегам часу, сюды ж, у Стралічава, з Казахстана пераехалі і бацькі. Мясцовую сярэднюю школу паспяхова закончыў сын Леанід, які зараз вучыцца ў Мазырскім педагагічным універсітэце, а ў 8 клас мясцовай СШ сёння ходзіць і дачка Анжэла.
Сам жа Віктар Леанідавіч увесь гэты час працуе на ферме. Калі нядаўна давялося сустрэцца з ім на рабочым месцы, то першае, што ўразіла – чысценькія і дагледжаныя, быццам з пастаральнай карцінкі, цяляткі.
Здзіўлена запытаўся:
– Вы іх, што шлангам мыеце?
– Ды не, проста не дазваляем пэцкацца, – усміхнуўшыся адказвае Віктар Леанідавіч.
А ўся справа ў падсціле: выдаляючы ўчарашнюю, свежую салому тут падсыпаюць кожную раніцу – гэта першае, з чаго штодзённа В.Л. Бланк пачынае свой рабочы дзень. Вось і не вязнуць бычкі і цёлачкі ў гноі. А потым ідзе раздача кармоў, аснову рацыёну складаюць кукурузны сілас, камбікармы і сена. У кармушкі яны падкладваюцца рэгулярна і з такім разлікам, каб ні хвіліны яны не былі пустымі.
Таму высакаякасным і пажыўным кормам жывёла ў Віктара Леанідавіча Бланка забяспечана, лічы што, кругласутачна. Вось і набіраюць пастаянна каштоўныя грамы і кілаграмы яго маленькія выхаванцы.
Сам жа Віктар Леанідавіч Бланк лічыць, што для дасягнення поспеху ў рабоце не трэба нейкіх адчайных подзвігаў і гераізму – для гэтага дастаткова любіць і ведаць сваю справу, сумленна выконваць ускладзеныя на цябе абавязкі. Тады і поспех, і гонар абавязкова прыйдуць.
Зрэшты, не дзеля славы і ўшанаванняў, кожны дзень у пяць гадзін раніцы, без выхадных і святаў, прыходзіць на ферму патомны жывёлавод В.Л. Бланк. Гэта – яго прафесія, яго прызванне, яго жыццё.
Віктар НАЗАРАНКА.