Калі людзі адчуваюць клопат

Экономика

Добрая слава аб працаўніках і справах КСУП «Саўгас-камбінат «Зара» Мазырскага раёна даўно ідзе не толькі ў Гомельскай вобласці, але і далёка за яе межамі.

Сёння гэта шматпрофільнае аграпрамысловае прадпрыемства, якое з кожным годам усё больш дынамічна развіваецца і займаецца вырошчваннем зерневых і зернебабовых, кармавых і тэхнічных культур, а таксама бульбы, вытворчасцю малака, свініны, ялавічыны, мяса птушкі і яек, перапрацоўкай мяса і малака.

Для гэтага ў гаспадаркі маюцца ўкамплектаваныя самым сучасным абсталяваннем малочнатаварныя фермы, свінагадоўчы комплекс і птушкагадоўчыя фермы.
Раней саўгас-камбінат «Зара» не меў ніякіх гаспадарчых адносін да прадпрыемстваў нашага раёна. Усё змянілася ў 2009 годзе, калі Хойніцкі камбікормавы завод афіцыйна ўвайшоў у прамысловую структуру саўгаса-камбіната і стаў называцца Хойніцкім участкам па вытворчасці камбікармоў КСУП «Саўгас-камбінат «Зара».
Як і раней, так і сёння гэтае вытворчае падраздзяленне КСУП «Зара» ўзначальвае С.М. Вашчыла. Дарэчы, у гэтым годзе яна адзначыла 20-гадовы юбілей на пасадзе кіраўніка гэтага працоўнага калектыву: роўна 2 дзесяцігоддзі таму, у чэрвені 1998 года, Святлане Мікалаеўне прапанавалі стаць дырэктарам тады яшчэ Хойніцкага камбікормавага завода.
А ўсяго на прадпрыемстве яна працуе са свайго першага працоўнага дня – 1 ліпеня 1980 года. Так што ў працоўнай кніжцы толькі адзін працоўны адрас, па якому яна працавала і таксіроўшчыкам, і бухгалтарам (у тым ліку 6 гадоў галоўным), і эканамістам. Таму сёння аб прадпрыемстве яна ведае ўсё.
Лагічна, што ёй і слова.

Святлана Мікалаеўна Вашчыла

– На жаль, не захавалася дакладных звестак аб даваенных і першых пасляваенных гадах работы нашага прадпрыемства. Вядома толькі, што ў 1971 годзе ў раённым аддзяленні аб’яднання, якое тады па-руску называлася «Заготзерно», увайшоў у лік дзеючых камбікормавы цэх па нарыхтоўцы. Потым прадпрыемства яшчэ не раз мяняла назву, пакуль і не стала Хойніцкім участкам па вытворчасці камбікармоў КСУП «Саўгас-камбінат «Зара».

Любоў Аляксандраўна Яўсеенка

Сёння перад намі, акрамя нарыхтовак, сушкі і перапрацоўкі збожжа стаіць задача па вытворчасці камбікармоў. Іх мы выпускаем 9 відаў: камбікорм для свінаматак, для малых парасят, для подсвінкаў, для адкорму, а таксама 3 віды для кароў і 2 – для цялят.Аб’ём выпуску мы фарміруем, зыходзячы з патрэбнасці і колькасці пагалоўя жывёлы ў саўгасе-камбінаце «Зара». Зразумела, што гэтыя паказчыкі ў гаспадарцы пастаянна растуць, а значыць, разам з імі растуць і аб’ёмы нашай вытворчасці.

Дзяніс Ігаравіч Брэль

Калі гаварыць аб матэрыяльна-тэхнічнай базе вытворчасці, то сёння мы маем две збожжасушылкі, адна з якіх – вытворчасці ААТ «Амкадор». Яна разлічана на загрузку 120 тон збожжа, за суткі перапрацоўвае 240-250 тон. Зараз сушым на ёй зерне кукурузы, на сённяшні дзень ужо прасушылі 8,5 тысяч тон. З перапрацаванага зерня частку пакінем сабе для выпуску камбікорма, частку перададзім у якасці давальнай сыравіны на камбікормавыя прадпрыемствы Рэчыцы і Калінкавіч.

Марына Пятроўна Рыгаровіч

За 8 месяцаў бягучага года вытворчасць камбікармоў склала 15,5 тысяч тон, кошт выпушчанага камбікорму – 5697 рублёў. На аднаго працуючага выраблена 63 тоны камбікорму ў месяц. Чысты прыбытак склаў 665 тысяч рублёў, рэнтабельнасць – 13,2%.
Працуем спакойна, без аўралаў і штурму, збожжа на год нарыхтавалі, цяпер засталося толькі работаць і работаць.
Саўгас-камбінат «Зара» добра дапамагае і сельгаспрадпрыемствам раёна ў іх рабоце. Напрыклад, у час вясенняй пасяўной мы дапамагаем ім авансам у набыцці паліва, насення, угнаенняў, прэпаратаў аховы раслін. А ўсе разлікі за гэтую дапамогу потым вядуцца ў лік будучага ўраджаю збожжа.
Вельмі важным лічу той факт, што ўсе працуючыя ў саўгасе-камбінаце «Зара» забяспечаны нормамі дзейснага і эфектыўнага матэрыяльнага стымулявання. Так, грашовыя прэміі і заахвочванні ў нас выплачваюцца да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, да «круглых», юбілейных дат ў асабістым жыцці. Матэрыяльная дапамога аказваецца да навагодняга свята, да 23 лютага і 8 сакавіка, у верасні ўсе працуючыя атрымлаі па 200 рублёў на закупку садавіны і гародніны. Таксама ў верасні кожнаму работніку выдзелена па 65 кілаграмаў яблык, вядру чорных парэчак і літровай банцы мёду.

Сяргей Аляксандравіч Дзянгубенка

Акрамя гэтага, штомесячна за фактычна адпрацаваныя дні выдаецца паёк з яек, мяса і малака, а з людзей здымаецца толькі падаходны падатак з кошту набору прадуктаў. Чым не клопат аб працуючых? І людзі стараюцца ў адказ, трымаюцца за сваё працоўнае месца, а ўладкавацца да нас не так і проста.
Адзначу, што за апошнія гады значна палепшаны і санітарна-бытавыя ўмовы работы. Да паслуг нашых працуючых сёння адрамантаваныя і ззяючыя новенькай пліткай, а таксама новай сантэхнікай душавыя памяшканні. Пакоі для мыцця спецадзення абсталяваны сучаснымі пральнымі машынамі. Ды і знешне ўвесь комплекс збудаванняў участка выгодна памяняўся ў лепшы бок.

Алена Іванаўна Такарская

Сярэднеспісачная колькасць працуючых на ўчастку сёння налічвае 33 чалавекі. У асноўным, у нас працуюць людзі, якім ўжо па 30-50 год, многія працуюць на нашым участку ужо далёка не першы год. Сярод самых вопытных назаву дазатаршчыка Алену Іванаўну Такарскую, машыніста пагрузачна-разгрузачных работ Марыну Пятроўну Рыгаровіч, намесніка загадчыка лабараторыі Любоў Аляксандраўну Яўсеенка. З другога боку прыемна бачыць і малады энтузіязм, з якім працуе інжынер-энергетык Дзяніс Ігаравіч Брэль і элекраманцёр Сяргей Аляксандравіч Дзянгубенка.
Аднам словам, стараюцца ўсе. Таму і справы ідуць на лад.

Віктар НАЗАРАНКА. Фота Вікторыі МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *