У апошні час ходзіць многа розных чутак па прычыне законнага праезду або знаходжання ў адселенай вёсцы Амелькаўшчына. У сувязі з гэтым паведамляю наступнае.
Пасля завяршэння ўсіх мерапрыемстваў па адсяленню прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Бе-ларусь № 328 ад 1.06.1992 г. «Аб зацвярджэнні пераліку тэрыторый населеных пунктаў і іншых аб’ектаў», якія адносяцца да зоны радыеактыўнага забруджвання. У адпаведнасці з гэтым нарматыўным дакументам тэрыторыя адселенай вёскі Амелькаўшчына аднесена да зоны наступнага адсялення. Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» (арт.18), у зоне наступнага адсялення дзейнічае прававы рэжым, уваход і ўезд без спецыяльнага дазволу (пропуску) забаронены.
На сённяшні дзень гэтая тэрыторыя знаходзіцца пад кантролем Адміністрацыі зон, і яе ахова забяспечваецца шляхам аўтапатруліравання спецыяльным падраздзяленнем міліцыі, створаным пры РАУС. Штогод ім распрацоўваюцца і ўзгадняюцца з райвыканкамам маршруты аўтапатруліравання.
Вёска Амелькаўшчына аднесена да маршруту аўтапатруліравання № 4, устаноўлены забараняльныя знакі. Для праезду або знаходжання там неабходна мець пропуск, які выдаецца Адміністрацыяй зон.
Я. КРАЎЧАНКА, галоўны спецыяліст Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння па Хойніцкаму раёну.