Хто раней – таму танней

Сельское хозяйство

Цёплае надвор’е восені гэтага года да апошніх яе дзён дазваляла сельскім працаўнікам весці апрацоўку глебы. Тым не менш, у адпаведнасці з загадам Мінсельгасхарчу, уся сельскагаспадарчая тэхніка да 1 снежня павінна была быць пастаўлена на зімовае захоўванне.



Увогуле ў ідэале гэты працэс павінен пачынацца яшчэ па меры заканчэння выкарыстання камбайнаў, трактараў і механізмаў: напрыклад, адпрацавалі свой сезон збожжаўборачныя камбайны – іх адразу было неабходна ачысціць, перабраць, змазаць і падрамантаваць яшчэ ў жніўні-верасні, а потым спакойна ставіць на захоўванне да наступнага жніва. Тое ж самае яшчэ па цяплу  патрэбна было зрабіць з невыкарыстоўваемымі позняй восенню механічнымі граблямі, сеялкамі і пасяўнымі агрэгатамі, іншай вызваленай ад выкарыстання тэхнікай. У цэлым у гаспадарках нашага раёна да тэхнікі так і ставяцца, ды інакш і быць не павінна – у асноўным на палі і палеткі зараз выходзяць новыя і самыя сучасныя механізмы і агрэгаты, а інжынерныя службы гаспадарак добра разумеюць, што доўгавечнасць служэння нават самай «наварочанай» тэхнікі залежыць ад ашчадных адносін да яе. У гэтым сэнсе хацелася б са станоўчага боку адзначыць КСУП імя Мележа (галоўны інжынер К.М. Суржэнка), «Судкова» (А.А. Кліменка), «Стралічава» (У.У. Сідарок), ды і ў астатніх сельгаспрадпрыемствах адносіны да тэхнікі таксама на ўзроўні.



У гэтым годзе ў гаспадарках вобласці рэкамендавана больш актыўна ўкараняць так званы мазырскі метад падрыхтоўкі тэхнікі да веснавых палявых работ. На практыцы гэта азначае, што на зімовае захоўванне сельскагаспадарчая тэхніка павінна ставіцца ўжо адрамантаванай з тым, каб з першых дзён вясны яна была гатовай выйсці ў поле. Аднак тут многае залежыць ад фінансавага становішча гаспадарак, і не кожная з іх можа сабе дазволіць так хутка закупіць усе неабходныя для правядзення рамонтных работ запчасткі, вузлы і механізмы. І тут на дапамогу сельскім працаўнікам, як заўсёды, прыходзіць дзяржава – прынята рашэнне кампенсаваць з бюджэту 50 працэнтаў затрат на рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі тым сельгаспрадпрыемствам, якія адрамантуюць яе да 1 студзеня 2013 года. Вось і атрымліваецца так, што хто хутчэй падрыхтуе тэхніку, таму танней і абыйдзецца яе рамонт.



З навінак гэтага года ў падрыхтоўцы тэхнікі да вясенне-летняга сезона адзначу той факт, што сёлета 16 збожжаўборачных камбайнаў мы плануем адрамантаваць на базе ААТ «Хойніцкі Аграсервіс», бо яго цяперашнія магчымасці дазваляюць зрабіць гэта, з’эканоміўшы час і сродкі гаспадарак. Рухавікі, вузлы і механізмы астатніх камбайнаў, як і раней, будуць рамантавацца на Гомельскім маторарамонтным заводзе, у Рэчыцкім і Мазырскім аграсервісах.



У сельгаспрадпрыемствах раёна распрацаваны графікі рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, створаны  спецыялізаваныя звенні для правядзення рамонтных і падрыхтоўчых работ. Хацелася б таксама, каб у гэты час інжынерныя службы гаспадарак удзялілі належную ўвагу навядзенню чысціні і парадку на мехдварах і ў рамонтна-механічных майстэрнях.



А. КАЛЫХАН, галоўны інжынер райсельгасхарчу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *