Пад Новы год ва ўсім свеце прынята дарыць падарункі. Думаецца, што для жыхароў аграгарадка Веляцін такім прыемным сюрпрызам у апошні дзень года стане адкрыццё сельскага Дома культуры і першы пасля заканчэння капітальнага рамонту навагодні баль.
Але нездарма ж кажуць, што адно з нашых галоўных багаццяў – нашы людзі. Сапраўдныя энтузіясты культасветработы працавалі і ў такіх «экстрэмальна-палярных» умовах. І толькі ў 2010 годзе ў Доме культуры пачалася рэканструкцыя ў рамках праграмы пабудовы ў гэтым населеным пункце аграгарадка. Будаўнічыя работы за гэтыя амаль тры гады вяліся з рознай хуткасцю, што залежала ад умоў фінансавання. І ўсё ж контуры будучых памяшканняў паступова набліжаліся да свайго канчатковага аблічча, якое Веляцінскі сельскі Дом культуры набыў у апошнія дні адыходзячага зараз года.
Экскурсію па ўтульных і з густам аформленых памяшканнях правялі дырэктар СДК Алена Ігараўна Яромчык (на здымку) і загадчыца сельскай бібліятэкі Святлана Паўлаўна Тальчук. Што сказаць – уражанні засталіся самыя лепшыя. Па-першае, тут цёпла: падачу цяпла забяспечвае аўтаномная кацельня, якая працуе на цвёрдым паліве (зараз – на дрывах). Па-другое, у будынку прадугледжаны туалет нават для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Прыгожа і акуратна аформлена глядзельная зала, у якой майстры гродзенскага ТАА «СпецМэбляДызайн» уласнаручна ўстанавілі 165 імі ж адрамантаваных (што не адрозніш ад новых) мяккіх крэслаў. А «адзенне» сцэны было пашыта (таксама вельмі нядрэнна) на Хойніцкай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Вялікі ўклад у справу аднаўлення СДК унеслі і спецыялісты ААТ «Гомельаграбуд». Ды і новы дырэктар СДК А.І. Яромчык пастаралася – яна на самым высокім мастацкім узроўні распісала выявамі Дзеда Мароза і Снягуркі шкляныя сцены касавага памяшкання – думаецца, што праблем з пошукам мастака-афарміцеля ў будучым тут не ўзнікне.
Спадабалася і танцавальная зала з новай гукаўзмацняльнай апаратурай, памяшканне, у якім ужо рыхтуецца экспазіцыя будучага фальклорна-этнаграфічнага музея, бібліятэка з чытальнай залай. Дарэчы, аб’ём выкананых работ па вартасці ацанілі і спецыялісты ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама, адзначыўшы, што такі ўзровень камфорту ў вобласці маюць нямногія сельскія ўстановы культуры. Засталося толькі пажадаць культасветработнікам, каб і ўзровень іх работы адпавядаў узроўню створаных умоў.
Тэкст і фота Віктара НАЗАРАНКІ.