Хутка бой курантаў апавясціць аб надыходзе Новага года. Вадаспадам пальюцца віншаванні ад родных і сяброў, калег і знаёмых. Паведамленні з добрымі пажаданнямі запоўняць электронную пошту, старонкі сацыяльных сетак, ад званкоў і СМС-ак будуць разрывацца тэлефоны, сумаваць у гэтым сэнсе застануцца, бадай, толькі паштовыя скрыні. Бо цяпер паштоўкі значна часцей адпраўляюць праз Інтэрнэт: «Одноклассники» або «ВКонтакте». Вядома, гэта зручней і хутчэй, але віртуальныя пісьмы прайграюць рэальным у стварэнні эмоцый у адрасата.
Наша журналістка вельмі любіць вандраваць, знаёміцца з рознымі гарадамі і іх жыхарамі. Пабываць ва ўсіх краінах свету, зразумела, не ўяўляецца магчымым, аднак Алеся не адчайваецца і калясіць па планеце з дапамогай пазнавальных кніг (дарэчы, чытанне – гэта яе яшчэ адно захапленне) і цікавых інтэрнэтаўскіх сайтаў. Цяпер, дзякуючы посткросінгу, у дзяўчыны знайшлася яшчэ адна магчымасць вандраваць і мець зносіны з людзьмі з розных куткоў зямнога шара.
Пачалося Алесіна паштовае захапленне з рэгістрацыі на сайце www.postcrossing.com, які аб’яднаў ужо сотні тысяч чалавек з усяго свету (на пачатак адыходзячага 2012 года ў праекце было задзейнічана больш за 300 000 чалавек з 203 краін, а 26 кастрычніка сёлета атрымана чатырнаццацімільённая паштоўка). У Беларусі постк-росінг ужо «зацягнуў» 13066 чалавек. Кожны ўдзельнік мае сваю старонку на сайце. Прынцып абмену паштоўкамі заключаецца ў наступным.
Посткросер запытвае ў сістэме выпадковы адрас іншага ўдзельніка і адсылае яму паштоўку. Калі яна даходзіць да адрасата, той рэгіструе яе ў сістэме пры дапамозе індэнтыфікацыйнага кода, які павінен указаць адпраўшчык. У выніку наша калега атрымлівае паведамленне аб тым, што яе паштоўка дасягнула пункта прызначэння, і яе адрас для адпраўкі паштоўкі такім жа выпадковым чынам трапляе камусьці іншаму. А вось каму, яна даведваецца толькі тады, калі бачыць паштоўку ў сваёй паштовай скрыні. Загадзя не паведамляецца ні імя адпраўшчыка, ні краіна. Гэта сюрпрыз!
На першы погляд усё можа здавацца вельмі мудрагелістым, на самай жа справе посткросінг – цікавейшы і надзвычай просты занятак. Галоўнае – пачаць. Лепшым пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца шчырая Алесіна захопленасць. Некаторыя назавуць гэта пустым марнаваннем грошай, але Алеся ўпэўнена, што атрыманыя разам з паштоўкай эмоцыі каштуюць значна больш. Дзяўчына натхнёна па некалькі разоў на тыдзень ходзіць на пошту адпраўляць каларытныя паштоўкі, потым разважае, які Ён – шчасліўчык з беларускай паштоўкай у руцэ? Яна ўжо даслала весткі ў Літву, Расію, Германію, Японію, Кітай, Фінляндыю і нават Тайланд і Аўстралію. Набыла амаль сотню паштовак, у тым ліку з хойніцкімі відарысамі, падумаўшы: «Няхай пабачаць тайцы і фіны, як мы тут прыгожа дышам!»
Пачынанне нашай Алесі з Палесся падтрымліваюць яе сталічныя студэнцкія сяброўкі, якія пры любой магчымасці набываюць у Мінску і перадаюць ёй паштоўкі з рознымі беларускімі краявідамі і славутымі месцамі нашай краіны. Такім чынам, паштоўкі на першы час назапашаны, застаецца купляць канверты і маркі. Дзяўчына вельмі ўдзячна работнікам паштовай сувязі за добрае абслугоўванне, спачатку яны, канешне, здзіўлена перапытвалі: «Куды? У Тайланд?», але потым прывыклі.
Але ёсць і ліміт: пакуль не дойдзе 5 паштовак, шостую нельга дасылаць. Маўляў, чакай, пакуль які-небудзь павольны літоўскі паштальён данясе запаветны канверт да адрасата і толькі потым адпраўляй у вандроўку наступную паштоўку.
Адметна і тое, што паміж удзельнікамі не ўзнікае ніякага моўнага бар’еру. Алеся добра валодае англійскай мовай, падпісвае паштоўкі на ёй. Але калі вы не ведаеце замежных слоў – не праблема. Многія карыстаюцца анлайн-перакладнікамі, астатнія пішуць на сваёй роднай мове, галоўнае – зразумелым почыркам. Тэкст паштоўкі можа быць абсалютна любым. Як правіла, наша калега сваім новым сябрам піша некалькі радкоў аб сабе, аб тым, што адлюстравана на паштоўцы і аб сваім горадзе. Такім чынам, як кажуць, забівае двух зайцаў: збірае калекцыю цудоўных замежных паштовак і піарыць сваю радзіму.
Калектыў рэдакцыі падтрымлівае захапленне Алесі, мы ўсе знаходзіліся ў прыемным чаканні першай паштоўкі. І вось здзейснілася! 11 снежня ў сваёй паштовай скрыні яна знайшла паштоўку з Германіі, горада Веймара – радзімы Гётэ, які славіцца сваімі фестывалямі цыбулі. Другая паштоўка прыбыла з Галандыі, трэцяя – з суседняй Расіі, горада Перм.
Цяпер дзяўчына чакае новых паштовак ужо ў новым годзе. А пакуль крэатыўная Алеся, як усе мы, рыхтуецца да чароўнага свята, не абыходзячыся без свайго ранейшага хобі – калекцыяніравання пазногцявых лакаў. Кожнаму свайму манікюру дае асобныя назвы. У навагоднюю ноч у нашай гераіні будзе «Журавіна на снезе». Згадзіцеся, гэта яшчэ адна выдатная магчымасць упрыгожыць сваё жыццё рознымі фарбамі.
Цяпер і вы, пакуль ёсць час да наступлення Новага года, падумайце і за гэтыя дзень-два пастарайцеся прыўнесці ў сваё жыццё нешта новае, вызначцеся з хобі, каб наступны год для вас быў таксама насычаны рознымі яркімі падзеямі, момантамі і незабыўнымі эмоцыямі.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.