Дораць настрой песняй

Образование

Калектыў мастацкай самадзейнасці ГЦКіС «Меліяратар» мае больш чым 20-гадовы творчы стаж. Ішоў час, змяняліся ўдзельнікі калектыву, але нязменнай застаецца незвычайная творчая атмасфера, што прыцягвае сюды людзей, любячых песню.  Толькі за 2012 год самадзейныя артысты цэнтра далі каля 100 асобных і сумесных канцэртаў, прынялі ўдзел практычна ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах, якія праводзіліся на Хойнікшчыне. Акрамя таго, выязджалі з канцэртамі ў Лоеў, Брагін, Калінкавіцкі раён. Сапраўды  багатым на канцэрты для гарадскіх артыстаў было мінулае лета: добрай, задушэўнай песняй  віталі яны  пераможцаў жніва 2012 года, выязджаючы на палі сельгаспрадпрыемстваў. Бадай, самай вялікай  падзеяй года ўходзячага з’яўляецца 500-гадовы юбілей нашага роднага горада Хойнікі. У дзень свята, выступаючы на ўсіх яго канцэртных пляцоўках, дарылі самадзейныя артысты калектыву добры настрой жыхарам Хойнікшчыны і шматлікім гасцям. З асаблівым настроем і незвычайнай цеплынёй  выступаюць артысты цэнтра перад  сельскімі гледачамі і лічаць, што гэтая публіка самая ўдзячная. Бурнымі  апладысментамі вяскоўцы суправаджаюць усе нумары  канцэртнай праграмы і кожны раз просяць прыязджаць яшчэ.



У канцэртах удзельнічалі штатныя работнікі цэнтра культуры – дзіджэй Руслан Гаўрыльчык, дырэктар цэнтра Васілій Найдзенка, кіраўнік гуртковай работы Марына Варабей, кіраўнік ансамбля «Грамада» Дзяніс Шарапаў,  кіраўнік танцавальнага калектыву «Каскад» Алена Ляснічая, культарганізатар Тамара Карповіч. Выступаюць на сцэне, не лічачыся з асабістым часам, занятасцю  на рабоце і дома, аматары песні, аб якіх на гэтай старонцы расказвае нязменны кіраўнік калектыву Лілія Краўчанка.



Муж і жонка Аксана і Анатолій Куртавы  маюць аднолькавае захапленне. Педагог па адукацыі, якая знаходзіцца зараз на доглядзе дзіцяці-інваліда, Аксана Куртава прыйшла першай  у калектыў, потым прывяла ўсю сваю сям’ю: мужа Анатолія, які працуе на чыгунцы, сына Улада, а дачка Юлія  ўдзельнічае ў дзіцячым вакальным ансамблі «Светлячок».
Аксана спявае першым голасам, Анатолій валодае барытонам, з сакавітымі галасамі бацькоў удала спалучаюцца галасы дзяцей, якія выступаюць дуэтам і з маці, і з бацькам.
Напэўна, нельга тлумачыць, як цяжка даглядаць дзіця-інваліда. Але дзякуючы Аксане сын Улад адаптаваўся ў грамадстве і разам з маці прымае ўдзел у мерапрыемствах, якія праводзяцца па лініі раённага таварыства інвалідаў. Як правіла, дамоў вяртаюцца з дыпломамі і падарункамі.
На ўсіх канцэртах  Куртавы разам выконваюць «Гімн маці». Гарачыя і   шчырыя  апладысменты пастаянна дасылаюць гледачы гэтай спяваючай сям’і.



Пра Насцю Лабачову можна сказаць, некалькі перайначыўшы фразу з вядомага кінафільма, – спартсменка, актывістка, прыгажуня. Выпускніца гімназіі г. Хойнікі, яна сёлета заваявала тытул «Міс Восень-2012» у гімназічным конкурсе, удзельнічае ў спаборніцтвах па многіх відах спорту, была ў саставе каманды-пераможцы раённага конкурсу дзіджэяў, здольны ігрок Клуба вясёлых і знаходлівых.
На канцэртах калектыву выконвае сучасныя эстрадныя песні.
У Насці ёсць планы, якія хоча ўвасобіць пасля заканчэння гімназіі, яна іх пакуль не раскрывае. Але верыцца, што ўсе мары і надзеі спраўдзяцца, бо яна – мэтанакіраваны чалавек.



З сёлетняга мая ў калектыве медсястра цэнтральнай раённай бальніцы Юлія Барысенка, якая была заўважана на адборачным кастынгу тэлевізійнага праекта «START.T», што праходзіў  у летнім амфітэатры нашага горада.
Работу медыка лёгкай не назавеш, тым больш для Юліі, якая працуе ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы. Да таго ж, завочна вучыцца ў ГДУ імя Ф. Скарыны. Але знаходзіць час, каб выступіць у канцэртах, спяваць  любіць лірычныя песні і эстрадныя.
Поўнасцю  раздзяляе творчыя захапленні Юліі муж Уладзімір, які працуе ў калектыве чыгуначнай станцыі «Хойнікі». Ён стараецца пабываць на ўсіх канцэртах,  здымае іх на відэакамеру, ствараючы відэаархіў для каханай жонкі.



Кіраўніком вакальнага ансамбля ў дзяржаўным прафесійным ліцэі г. Хойнікі працуе Яўгеній Заяц. Ён работнік культуры не па адукацыі, а па прызванню, бо, напэўна, нарадзіўся з творчай іскрынкай. Яўгеній  не толькі спявае на сцэне, але і ўдзельнічае ў інтэрмедыях. Яму давяраюць выступленні ў канцэртах у час правядзення самых значных культурна-масавых мерапрыемстваў у нашым горадзе і раёне.
Ён выконвае сучасныя эстрадныя песні, аднак у апошні час імкнецца да лірыкі. І гэта яму ўдаецца. Акрамя таго, Яўгеній, як і іншыя нашы артысты, валодае дарам прыцягваць да сябе глядацкую аўдыторыю. Нездарма ж  лічыцца любімцам публікі, яго выступленні ўспрымаюцца гледачамі на «біс».



Работніца Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка Наталля Шарапава заўсёды прываблівае гледачоў сваім прыгожым і моцным  голасам.
Асабліва ёй удаюцца народныя песні, але любіць эстраду і тэатралізацыю: выдатна выконвае ролі казачных персанажаў у пастаноўках пры правядзенні свята Масленіцы і навагодніх прадстаўленняў. Ды і сама Наталля прызнавалася, што ёй вельмі прыемна выступаць перад дзіцячай аўдыторыяй.
Асабліва гэтае пачуццё ўзмацнілася са з’яўленнем на свет першага ўнучка Валодзі, якога даглядае з самай калыскі, пакуль дачка занята вучобай у вышэйшай навучальнай установе.



Запісала Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *