На першы дзень 2013 года дойны статак на Велікаборскай малочнатаварнай ферме налічваў 374 галавы жывёлы, з якіх зараз доіцца 280 кароў. З усёй гэтай рагатай гаспадаркай спраўляюцца 7 аператараў машыннага даення – тры жанчыны і чацвёра мужчын.
На раздоі цёлак занята Валянціна Уладзіміраўна Шлёг, дапамагае ёй Уладзімір Васільевіч Худзенка. Свае групы кароў дояць Вера Мікалаеўна Акуленка і Раіса Аляксандраўна Скакун, а групу з 60 кароў абслугоўвае Уладзімір Сцяпанавіч Казмірчук, у памочніках у якога Іван Міхайлавіч Анціпаў. Яшчэ адзін прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва, які таксама выдатна асвоіў доярскую прафесію і таксама працуе на гэтай ферме – Анатолій Анатольевіч Сачанка.
Адзначым, што мужчыны па паказчыках работы ні ў чым не ўступаюць даяркам-жанчынам. А У.С. Казмірчук разам са сваім памочнікам І.М. Анціпавым наогул штодня надойваюць па 17-18 літраў малака ад каровы. Гэта – лепшы паказчык у гаспадарцы.
– Хаця на гэтай ферме працую толькі са снежня, – гаворыць Уладзімір Сцяпанавіч, – у жывёлагадоўлі мой агульны стаж немалы, таму добра ведаю што да чаго. А знайсці падыход да кожнай жывёліны мяне яшчэ ў дзяцінстве навучыла маці. Ды і сакрэтаў вялікага малака асаблівых няма – перад дойкай акуратна памый цёплай вадзічкай вымечка, першыя струменьчыкі абавязкова сцэджвай, выдойвай усё да астатку…
Эфектыўнай рабоце аператараў спрыяюць і меры матэрыяльнага стымулявання, прынятыя кіраўніцтвам КСУП «Велікаборскі» ў канцы мінулага года. Слова – галоўнаму заатэхніку гаспадаркі Ж.А. Іванюценка.
– Раней мы адчувалі пэўны дэфіцыт жывёлагадоўчых кадраў. Таму ў мэтах павышэння матэрыяльнай зацікаўленасці працаўнікоў ферм перагледзелі ў бок павышэння існуючыя расцэнкі і сістэму прэміравання работнікаў фермы, што не замарудзіла адбіцца на заработнай плаце, якая вырасла ў тры разы. Сёння аператар машыннага даення за сваю работу можа зарабіць за месяц і атрымаць 8, а то і болей мільёнаў рублёў. А ёсць жа яшчэ і штомесячная натураплата – прадукты харчавання (куры, фарш, каўбасныя вырабы, крупы і макароны, малако, яйкі і інш.), за якія плаціцца толькі 10 % іх кошту. Таму і вяртаецца паступова прэстыж прафесіі жывёлавода.
А яшчэ расказала Жанна Аляксандраўна аб тым, што вялікія надзеі ў «Велікаборскім» ускладваюць на ўвод у эксплуатацыю двух новых жывёлагадоўчых памяшканняў. Сёння даенне на Велікаборскай МТФ ажыццяўляюць даільнымі апаратамі, а гэта ўжо – учарашні дзень жывёлагадоўлі. З запускам новага даільна-малочнага блока з малакаправодам і сучасным халадзільным абсталяваннем, а таксама асобнага цэха для раздою кароў магчымасці жывёлаводаў «Велікаборскага» ў вытворчасці малака і павышэнні яго якасці значна палепшацца, як палепшацца і ўмовы іх працы. На новы ўзровень уздымецца і племянная работа – ёй у абноўленых умовах займецца цяперашні аператар машыннага даення Анатолій Анатольевіч Сачанка, які нядаўна атрымаў спецыяльнасць аператара штучнага асемянення кароў і з нецярплівасцю чакае магчымасці прымяніць атрыманыя веды на практыцы.
Што ж, чакаць засталося нядоўга – завяршэнне будаўніцтва (на здымку ўнізе) намечана на пачатак наступнага месяца.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота аўтара і Алесі ЯЧЫЧЭНКА.