З мэтай ухілення недахопаў

Законнасць і парадак

Рабочай мабільнай групай райвыканкама з 3 па 5 студзеня праведзены праверкі структурных падраздзяленняў КСУП «Судкова» і эксперыментальнай базы «Стралічава» на прадмет выяўлення асоб, якія знаходзіліся на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, праверкі прычын і ўмоў парушэнняў працоўнай дысцыпліны, правіл аховы працы.



У час праверак  не выяўлена ніводнага факта знаходжання работнікаў па месцы працы ў нецвярозым стане. Тым не менш, з працуючымі праведзены гутаркі аб недапушчальнасці фактаў распіцця спіртных напіткаў ў рабочы час, аб захаванні правіл аховы працы і тэхнікі бяспекі, навядзенні парадку на рабочых месцах.
На МТФ «Езапоў» КСУП «Судкова» пры аглядзе бытавых памяшканняў у стале пакоя для змены рабочага адзення былі выяўлены бутэлькі з-пад спіртных напіткаў (гарэлкі, самагона), ежа. Застаецца меркаваць што распіццё спіртнога праводзілася начнымі вартаўнікамі, якія змяніліся ў 6.00, пост дзяжурства ніхто не перадаў і не прыняў.
На гэтай ферме ў бытавых пакоях адсутнічае неабходная мэбля (шафы для пераапранання, крэслы), у душавой адсутнічаюць сталы, вешалкі для адзення, якое размяшчаецца на падаконніках і дзвярах.



Поўнасцю адсутнічаюць інфармацыйныя стэнды, не вядзецца неабходная дакументацыя (журналы дзяжурства вартаўнікоў, наведванняў, па правядзенню інструктажаў па ахове працы і тэхніцы бяспекі, ведамасці надою малака па кожнай даярцы, экран штодзённага надою малака). І загадчыца фермы, і яе падначаленыя не валодаюць інфармацыяй па даведзенаму заданню па надоях малака на бягучы месяц года.
На момант наведвання МТФ «Судкова» ў 8.00 тут вялося ранішняе даенне, аднак не ў поўным саставе, адсутнічалі два жывёлаводы і  даярка, таму што напярэдадні, 4 студзеня, яны былі дастаўлены ў нецвярозым стане ў райаддзел унутраных спраў яго супрацоўнікамі.
На ферме не праводзяцца санітарныя дні, раздзявалка з душавой прыстасавана для захоўвання і раздачы камбікорму жывёле.
Вядзецца рэканструкцыя памяшканняў Дварышчанскай МТФ. У 8.30 усе работнікі былі на месцы. І на гэтай ферме не праводзяцца санітарныя дні, адсутнічаюць стэнды і інфармацыя па жывёлагадоўлі.



На момант наведвання МТК «Стралічава» ў 9.15 ранішняе даенне закончылася. З работнікаў на комплексе знаходзіліся толькі дзяжурныя жывёлаводы і ветурач для правядзення забору крыві на аналізы. У ходзе гутаркі ўстаноўлена, што сходы жывёлаводаў  праводзяцца рэгулярна з удзелам ідэолага эксбазы «Стралічава», галоўнага бухгалтара, кіраўніка гаспадаркі. Як самы прыемны факт, адзначана, што на тэрыторыі малочнатаварнага комплексу ўсюды чысціня і парадак.
Па выніках праведзеных праверак мабільнай групай складзены пратакол даручэнняў: кіраўнікі гаспадарак павінны ўхіліць выяўленыя недахопы ў канкрэтна ўказаныя тэрміны.


 


В. САВЕЛЬЕВА, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *