Вынікі 9 месяцаў, бюджэт, Дэкрэт № 18

Власть

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжаны пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця галін эканомікі, будаўніцтва, АПК і сацыяльнай сферы за 9 месяцаў бягучага года,

выкананне бюджэту раёна за гэты ж тэрмін, выкананне патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях», а таксама работа па прафілактыцы карупцыі. Удзел у пасяджэнні прыняла старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар.

Па выніках работы за 9 месяцаў Хойніцкім раёнам забяспечана выкананне прагнознага паказчыка сацыяльна-эканамічнага развіцця па экспарту тавараў прадпрыемствамі без ведамаснай падпарадкаванасці і экспарту паслуг па прадпрыемствах без уліку рэспубліканскіх.

Крытыцы старшыні райвыканкама А.У. Бандарэнкі падверглася невыкананне такіх прагнозных паказчыкаў, як рознічны тавараабарот, тавараабарот грамадскага харчавання, а таксама колькасць працаўладкаваных грамадзян на зноў створаныя працоўныя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Глыбокі аналіз праведзены па ўсіх невыкананых паказчыках.

Невыкананне паказчыка па рознічнаму тавараабароту, які «заваліла» райспажыўтаварыства, нельга спісваць толькі на «Еўраопт». «Значыць, – падкрэсліў Анатолій Уладзіміравіч, – нічога не зроблена для паляпшэння сітуацыі, не працуюць у гэтым напрамку тыя, хто павінен працаваць і дбаць за росквіт прадпрыемства». Гэта ж датычыць і нествораных працоўных месц. Калі кіраўнікі ўзялі на сябе абавязацельствы па стварэнні працоўных месц, то павінны выканаць іх.

Станоўчая дынаміка па аб’ёмах вытворчасці дасягнута фабрыкай мастацкіх вырабаў, заводамі ЖБВ, гідраапаратуры, рамонтным.

За 8 месяцаў на экспарт працавалі 9 прадпрыемстваў. Найбольш буйныя экспарцёры: КФХ «Осаў-Агра» – 1450,6 тыс. долараў ЗША; ТАА «АМС-ком» – 109,2 тыс. долараў ЗША; ТАА «Хойніцкія рамёствы» – 94,1 тыс. долараў ЗША; запаведнік – 80,1 тыс. долараў ЗША.

За 9 месяцаў бягучага года фактычна створана 57 працоўных месцаў. Да канца года пралічваецца яшчэ стварэнне 40 месцаў. За студзень-верасень створана 7 прыватных прадпрыемстваў, у тым ліку ў вытворчай сферы – 4 прадпрыемствы.

Работа сельскагаспадарчай галіны таксама была падвергнута крытыцы. Па выніках 9 месяцаў вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі да адпаведнага ўзроўню мінулага года склала 96,3%. У цэлым па раёну недаатрымана прадукцыі на агульную сумму ў 1247,8 тыс. руб. (да ўзроўню 2017 года).

Вышэй узроўню мінулага года па выкананню вытворчых паказчыкаў спрацавалі толькі КСУПы «Веляцін» (112,4%) і «Судкова» (105,6%). Валавы збор зерневых культур на 1 кастрычніка склаў 21202 т пры ўраджайнасці 19,2 ц/га (абласны паказчык па ўраджайнасці – 20 ц/га). Найбольшай ураджайнасць атрымана ў КСУП «Веляцін» (27,6 ц/га).

Валавая вытворчасць малака склала 98,2% да ўзроўню мінулага года. На ўзровень мінулага года па вытворчасці малака не выйшлі КСУП «Аравічы» (87,4%) і КСУП «імя І.П. Мележа» (88,2%). Самы высокі паказчык па сярэдняму надою малака на карову ў КСУП «Веляцін» (3828 кг).

Старшыня райвыканкама А.У. Бандарэнка даручыў выканаць даведзенае заданне па нарыхтоўцы кукурузнага сіласу да 5 лістапада пад асабістую адказнасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Пры разглядзе работы сацыяльнай сферы за 9 месяцаў упор зроблены на паказчыкі смяротнасці. Пры зніжэнні паказчыка агульнай смяротнасці ў раёне, на жаль, вырасла колькасць смерцяў сярод працаздольнага насельніцтва. 10 выпадкаў з іх – гэта смерці з-за атручвання алкаголем, у выніку траўм, атрыманых у стане алкагольнага ап’янення. Як указаў А.У. Бандарэнка, усе гэтыя жыцці патрэбна было захаваць. А для гэтага больш прафілактычнай работы праводзіць усімі суб’ектамі, асабліва з боку медустаноў, больш стараннасці і прынцыповасці павінны праяўляць у сваёй рабоце сматравыя камісіі.

Гэтыя ж грамадзяне, якія злоўжываюць алкаголем, забываюць потым аб сваіх бацькоўскіх абавязках і становяцца абавязанымі асобамі. Выкананне патрабаванняў Дэкрэта № 18 накіравана на работу з такімі асобамі, з такімі семьямі. Дзеці не будуць прызнаныя знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы, калі іх бацькі будуць весці здаровы лад жыцця. Прафілактыка сямейнага недабрабыту – на гэта асноўны ўпор робяць установы адукацыі, суб’екты прафілактыкі. Задача не дзіця забраць, а наладзіць сітуацыю ў сям’і. «Дзеці павінны расці ў біялагічнай сям’і, – падкрэсліў кіраўнік раёна. – І наша агульная задача зрабіць так, каб колькасць адбіраемых дзяцей знізілася, каб бацькі не вялі асацыяльны лад жыцця, а жылі клопатамі сваіх дзяцей».

Вольга БЕЛАШ.
Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *