Вельмі прыгожа апісаны калядкі ў М.В. Гогаля: светлая ноч, снежныя гурбы, іграе народная музыка.
Напярэдадні старога Новага года на пляцоўцы каля цэнтра культуры г. Хойнікі прайшло не менш маляўнічае і яскравае святкаванне калядак. Дзівакавата апранутыя артысты заклікалі гараджан падзівіцца на традыцыйны вясковы абрад, дзе абавязкова прысутнічае «зорка» мерапрыемства – Каза. Згодна з абрадам гэтую госцю патрэбна было шчодра пачаставаць разам з натоўпам прыбранай моладзі.
Тэатралізаванае выступленне «Запрашаем на калядкі» падрыхтавалі юныя артысты дзіцячага вакальнага ансамбля «Светлячок» пад кіраўніцтвам Марыны Варабей і тэатральнага гуртка «Зорачкі», якім кіруе Тамара Карповіч, а таксама дарослыя ўдзельнікі самадзейнасці Наталля Шарапава, Аксана і Анатолій Куртавы, Аляксандр Бутэнка, Юлія Барысенка.
Салісткі вакальнага ансамбля «Журавінка» пад кіраўніцтвам Рыгора Лушча спявалі народныя песні, ствараючы незабыўную атмасферу каляднай ночы.
Не абышлося без традыцыйнай варажбы: уздоўж карагода пускалі запаленую свечку, каб вызначыць каму сёлета пашанцуе.
Калядны перыяд яшчэ працягваецца: апошні яго дзень прыпадае, па хрысціянскай традыцыі, на сёння – свята Вадохрышча.