Увага! Дзеці на дарозе
У 2012 годзе ў нашай краіне дзеці сталі ўдзельнікамі 456 дарожна-транспартных здарэнняў. Загінулі 27 непаўналетніх, 464 атрымалі раненні. І хаця ў параўнанні з 2011 годам летась менш на 21,4% адбылося ДТЗ з удзелам дзяцей (толькі ў Гомельскай і Віцебскай абласцях назіраецца рост колькасці загінуўшых на дарогах дзяцей), але гэты факт ніяк не можа апраўдаць гібель непаўналетніх у самым пачатку свайго жыцця.
Больш паловы загінуўшых у аўтакатастрофах дзяцей былі пасажырамі – гэта значыць, яны сталі заложнікамі небяспечных сітуацый, якія стварылі дарослыя. Часта гэта бацькі, якія не забяспечылі перавозку непаўналетніх у аўтамабілі ў спецыяльным крэсле. Менавіта такі выпадак адбыўся ў нашым раёне ў жніўні 2012 года. Тады жыхар Мінска, стомлены далёкай дарогай, на тэрыторыі раёна з’ехаў у кювет, перакуліўся, а пацярпеў яго сын-пасажыр 2008 года нараджэння. Дарэчы, гэты выпадак адзін у статыстычным аналізе дарожна-транспартнага траўматызму дзяцей у нашым раёне ў 2012 годзе (у 2011 годзе ДТЗ з удзелам дзяцей на Хойнікшчыне не зарэгістравана).
Многа гіне дзяцей у якасці пешаходаў, 8% з агульнай колькасці пацярпеўшых у краіне – веласіпедысты. І адны, і другія не заўсёды абазначаны на дарозе флікерамі. А, як вядома, цемната – вораг бяспекі. І каб не стаць ахвярай ДТЗ, трэба абазначаць сябе флікерамі, якія маюць самую розную форму і вырабляюцца з мікрапрызматычнага святловяртаючага вініла, часта з дабаўленнем серабра. Даныя эксперымента сведчаць, што з месца вадзіцеля чалавек у цёмным адзенні заўважны на адлегласці 25-30 метраў пры бліжнім святле фар. Адзенне са святловяртаючымі ўстаўкамі дазваляе «свяціцца» пешаходу ці веласіпедысту на адлегласці 130-140 метраў. Пры далёкім святле фар флікеры, катафоты свецяцца на адлегласці да 400 метраў.
Паважаныя дарослыя, улічвайце ўсе названыя моманты па захаванню Правіл дарожнага руху! Выконвайце іх самі і растлумачце іх сваім непаўналетнім дзецям.