На абароне дзяцінства
Мы прывыклі разглядваць сям’ю як ачаг міру і любові, дзе чалавека акружаюць самыя блізкія і дарагія людзі. Аднак пры больш пільным разглядзе аказваецца, што гэта не так. На вялікі жаль, нават сёння ў сучасным свеце ёсць дзеці, якія маюць вострую патрэбу ў сацыяльнай і бацькоўскай апецы і клопаце. Грамадства не застаецца нейтральным да розных фактаў нядобрасумленнага выканання бацькоўскіх абавязкаў па выхаванню дзяцей. Як адзін з рычагоў уздзеяння на нядбайных бацькоў, у 2006 годзе быў выдадзены Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях».
Аб тым, як у нашым раёне рэалізуюцца палажэнні Дэкрэта, размова карэспандэнта «Хойніцкіх навін» з намеснікам старшыні па справах непаўналетніх райвыканкама Л.Ю. Чэкан.
– Людміла Юр’еўна, спачатку абазначце маштабы дзіцячай неспрыяльнасці ў нашым рэгіёне.
– Па стану на 1 студзеня 2013 года ў раёне пражываюць 4662 дзіцяці ва ўзросце да 18 гадоў. З іх – 78 дзяцей з 54 сем’яў знаходзяцца на выхаванні ў апякунскіх сем’ях; 25 дзяцей з 11 сем’яў пражываюць у прыёмных сем’ях; 2 дзіцяці з адной сям’і змешчаны ў Гомельскі абласны Дом дзіцяці; 18 дзяцей знаходзяцца ў двух дзіцячых дамах сямейнага тыпу.
Па вывучэнню ўмоў жыцця і выхавання дзяцей, бліжняга сацыяльнага акружэння, а таксама дзяцей, якія маюць праблемы ў асабовым развіцці, аддзелам адукацыі райвыканкама сфарміраваны банкі даных неспрыяльных сем’яў, раённым сацыяльна-педагагічным цэнтрам вядзецца і штомесячна абнаўляецца банк даных непаўналетніх, прызнаных знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы. На пачатак бягучага года 99 непаўналетнім з 43 сем’яў прысвоены такі статус.
– З часу прыняцця Дэкрэта №18 якія меры прадпрыняты для паляпшэння сацыяльнай спрыяльнасці?
– 127 дзяцей з 61 сям’і былі змешчаны на дзяржаўнае забеспячэнне. У выніку сумесных дзеянняў усіх зацікаўленых служб, накіраваных на аздараўленне абстаноўкі ў сем’ях і ўзнаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін, 73 дзіцяці з 31 сям’і вернуты бацькам, бацькі з 33 сем’яў пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах 67 непаўналетніх.
За 2012 год 21 дзіця з 11 сем’яў адабрана ад бацькоў, пад сваё крыло іх узяла дзяржава. На двух бацькоў падрыхтаваны і накіраваны матэрыялы ў суд Хойніцкага раёна аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, адна сям’я пазбаўлена бацькоўскіх правоў (2 дзіцяці), яшчэ адна ўжо ў 2013 годзе таксама ў адносінах двух дзяцей.
З сацыяльна небяспечнымі сем’ямі праводзіцца комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на ўзнаўленне сям’і.
– Акрамя інспекцыі і камісіі па справах непаўналетніх, якія яшчэ службы і ведамствы ўшчыльную займаюцца пытаннямі дзіцячай неспрыяльнасці?
– Рабочымі групамі, створанымі па рашэнню райвыканкама, ажыццяўляецца наведванне неспрыяльных сем’яў у ходзе акцыі «Сям’я без насілля», а таксама адміністрацыяй навучальных устаноў сумесна з зацікаўленымі службамі. У мінулым годзе выяўлены 1 факт насілля ў сям’і ў адносінах непаўналетняга Яўгенія Гардзеенкі, 2010 года нараджэння, яго маці С.М. Гардзеенка, 1990 года нараджэння, была пазбаўлена бацькоўскіх правоў.
Супрацоўнікамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях праведзены праверкі домаўладанняў мнагадзетных сем’яў і сем’яў, дзеці якіх прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным стане. Тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з абласнога бюджэту былі выдзелены грашовыя сродкі, за кошт якіх КБА адрамантавана пячное ацяпленне сям’і Мінчык у в. Звяняцкае.
У аддзел адукацыі, камісію па справах непаўналетніх паступае інфармацыя з цэнтральнай раённай бальніцы, РАУС, ад грамадзян і іншых крыніц аб магчымай сацыяльнай неспрыяльнасці. Па кожнаму факту праводзіцца праверка і прымаюцца адпаведныя меры.
– Людміла Юр’еўна, як вядома, вялікая работа па выкананню патрабаванняў Дэкрэта № 18 вядзецца аддзелам адукацыі райвыканкама.
– Так, і ў гэтым сэнсе вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі занятасці ў вольны ад вучобы час. Усе непаўналетнія, якія прызнаны знаходзячыміся ў сацыяльна небяспечным становішчы, прыцягнуты ў работу аб’яднанняў па інтарэсах, гурткоў, спартыўных секцый. Штотыднёва праводзяцца сумесныя рэйды настаўніцка-бацькоўскіх патрулёў, прадстаўнікоў аддзелаў і служб райвыканкама і праваахоўных органаў па месцах адпачынку падлеткаў і моладзі. Ва ўсіх установах адукацыі, сацыяльна-педагагічным цэнтры арганізавана работа тэлефонаў даверу.
Дэкрэт №18 – гэта своеасаблівы адказ на пытанне, як абараніць дзяцей, чые бацькі дэградзіравалі. Яго нормы аказаліся беспрэцэндэнтна жорсткімі. У кіраўнікоў мясцовай улады, міліцыі з’явіўся юрыдычны інструмент, каб забіраць дзяцей з неспрыяльных сем’яў, а іх нядбайных бацькоў накіроўваць на прымусовыя работы, яны павінны на 100 працэнтаў кампенсаваць затраты дзяржаве на нармальнае чалавечае ўтрыманне тых, каму далі жыццё.