Тут вам будуць рады


Тут вам будуць рады



Каб уявіць,  якое  значэнне для нашага раёна мае жывёлагадоўля, трэба сказаць, што на яе долю прыходзіцца  63%  ад усёй выручкі. Адсюль і пільная ўвага да вытворчасці малака. Вырашэнню гэтай галоўнай задачы спрыяе мадэрнізацыя жывёлагадоўчых ферм, праводзімая ў нашай краіне. Гэта можна прасачыць на дзейнасці малочнатаварнага комплексу эксперыментальнай базы «Стралічава»,  дзе карэспандэнты «Хойніцкіх навін» пабывалі 22 студзеня.



 Гэта сучасны жывёлагадоўчы гарадок, на тэрыторыі якога маюцца два памяшканні для ўтрымання дойнага статка (здымак 3), а таксама памяшканне для сухастойных кароў з цэхам раздою, пляцоўка з домікамі для маленькіх цялят.  Ёсць павеці для захоўвання сена, сіласна-сянажныя траншэі, вагавая для аптымізацыі працэсу кармлення жывёлы, кацельня для абагрэву малочных блокаў, выгульная пляцоўка для буйной рагатай жывёлы, адстойнікі для гною, воданапорная вежа, пажарны резервуар.


Ва ўсіх жывёлагадоўчых памяшканнях комплексу ўстаноўлена сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, жывёлаводы працуюць па навейшых тэхналогіях вытворчасці малака, з’явілася больш магчымасцей рэалізацыі незадзейнічаных рэзерваў.



– Хіба я магла  раней марыць аб тым, што буду працаваць у такіх выдатных умовах, у камп’ютэрызаванай даільнай зале? – задаецца пытаннем  аператар машыннага даення Ала Рыгораўна Пабядзінская. – Дваццаць гадоў адпрацавала я па старынцы, цяпер жа  не нарадуюся на такія ўмовы працы. Сагітавала сюды і старэйшага 25-гадовага сына Аляксандра, які з’яўляецца жывёлаводам. У мяне васьмёра дзяцей – шэсць сыноў і дзве дачкі, думаю, што і іншыя дзеці прыдуць сюды на працу.


А чаму б такому не быць, калі і санітарна-бытавыя ўмовы на комплексе для абслуговага персаналу створаны таксама  належныя. Працуюць душавыя, ёсць пакой для адпачынку і прыёму ежы. На самым відным месцы тут выстаўленыя ў радок Ганаровыя граматы ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, якім калектыў комплексу ўзнагароджваўся ў мінулым годзе ледзь не штомесячна.



– Адным словам,  сёння на комплексе існуюць усе ўмовы для таго, каб павялічыць вытворчасць малака, – зазначае галоўны заатэхнік эксбазы Мікалай Рыгоравіч Камеш. – І не толькі колькасць, але і якасць прадукцыі значна палепшылася – у мінулым годзе 73% яе рэалізавана сортам «экстра». Значыць, адпаведным чынам складваецца і заработная плата працуючых  людзей, што сёння немалаважна.



 На комплексе працуюць зараз 28 работнікаў, па штатнаму  спісу аператары машыннага даення, жывёлаводы, рабочыя даільнай пляцоўкі, лабарант, качагары. Калектыў, які ўзначальвае начальнік комплексу Сяргей Аляксандравіч Хутарцоў, дружны і зладжаны. Тут вопыт суседнічае з маладосцю, і такое суседства ідзе толькі на карысць вытворчасці. І вопытныя работнікі, і маладыя ведаюць і дакладна выконваюць свае абавязкі. 5 жанчын,  аператараў машыннага даення, абслугоўваюць 378 галоў кароў, а  жывёлаводамі з’яўляюцца  3 мужчыны. Увогуле пасля ўвядзення комплексу з’явілася тэндэнцыя, што ў жывёлагадоўлю эксбазы ахвотна ідуць мужчыны.



Вялікая ўвага ўдзяляецца племянной рабоце, добра спраўляецца з абавязкамі тэхніка-асемянатара Святлана Сямёнаўна Арцем’ева, якая  раней працавала даяркай.



На малочнатаварным комплексе будуць рады новаму працоўнаму папаўненню, і калі вы маеце патрэбнасць у рабоце, будзеце выконваць яе адказна, вас прымуць у гэты калектыў.


Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *