А.У. Бандарэнка: «Наш дабрабыт залежыць ад вынікаў нашай працы»

Главное Год малой радзімы Общество

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь, які мы адсвяткуем заўтра, напэўна, нездарма адзначаецца ў гэтыя апошнія восеньскія дні.

Традыцыйна – гэта час падвядзення вынікаў сельскагаспадарчага сезона і вызначэння планаў на год будучы.
А таму – слова старшыні раённага выканаўчага камітэта А.У. Бандарэнку.

– Анатолій Уладзіміравіч, якім быў 2018 год для работнікаў сельскагаспадарчай галіны нашага раёна?
– Адным з самых складаных на маёй памяці. Двухмесячная засуха мая і чэрвеня прыпала на самы важны перыяд вегетацыі яравых збожжавых культур, негатыўным чынам адбілася і на стане азімых, што прывяло да недабору прадукцыі раслінаводства. А гэта, у сваю чаргу, таксама выклікала і недабор у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, асабліва ў малочнай яе галіне.

У сельскай гаспадарцы ўсё ўзаемазвязана, і земляробства можна расцэньваць як пярвічны, а жывёлагадоўлю – як другасны цэхі агульнай сельскагаспадарчай вытворчасці, у якой раслінная прадукцыя ўтылізуецца ў высокакаларыйныя прадукты і каштоўную прамысловую сыравіну для жывёлагадоўлі. Таму, натуральна, што недаатрыманне прадукцыі раслінаводства адмоўна паўплывала і на вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі.

– Але ж і ў мінулыя гады ў нас летам таксама стаяла засушлівае надвор’е…
– У адрозненне ад засух мінулых гадоў, у гэтым годзе яна прыпала на самую важную стадыю развіцця раслін – перыяд вегетацыі, калі яны найбольш актыўна растуць і развіваюцца, таму і вынікі ранейшых засух былі не такімі катастрафічнымі, як сёлета.

– Як засцерагчыся ад падобных катаклізмаў на будучае?
– Сёння, на думку многіх вучоных, мы становімся сведкамі таго, як на поўдні Рэспублікі Беларусь (а значыць – і на тэрыторыі нашага раёна) актыўна фарміруецца новая агракліматычная зона, з больш цёплым кліматам і меншай сярэднегадовай колькасцю атмасферных ападкаў. Таму і ўмовы гаспадарання на гэтых тэрыторыях істотна мяняюцца.

Напрыклад, у гэтым годзе нас добра выручыла кукуруза – ў першую чаргу гэта выдатная кармавая культура, як на зялёны корм, так і на багаты пажыўнымі рэчывамі кукурузны сілас. А па другое, яна ў нейкай ступені змагла кампенсаваць недабор збожжа кукурузным зернем.

У чарговы раз пераканаліся ў перспектыўнасці вырошчвання на кармавыя мэты люцэрны, якой у гаспадарках раёна на працягу сезона «знялі» па 4 укосы. Такім чынам, вырошчваннем кукурузы і люцэрны будзем актыўна займацца і надалей.

Што датычыць збожжавых культур, то асноўны ўпор будзем рабіць на вырошчванні цеплаўстойлівых культур. Так, пад яравую сяўбу будучага года набылі 15 тон насення проса. Гэтую аднагадовую злакавую культуру некалі вырошчвалі ў гаспадарках нашага раёна, цяпер маем намер адрадзіць гэтую традыцыю. Каштоўнасць проса ў тым, што яно не толькі добра пераносіць засушлівае надвор’е і не так адчувальна да недахопу вільгаці, але і ў тым, што яно дае зерне (з якога потым атрымліваюць добра вядомую нам крупу – пшано), а зялёная маса раслін служыць выдатным кормам для жывёлы.

– Што датычыць вытворчасці малака ў сельгаспрадпрыемствах раёна, то якія крокі трэба прадпрыняць для яго павелічэння?
– Для павелічэння вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, у тым ліку і малака, усё, што залежыць ад кіраўніцтва раёна, зроблена. Сённяшні эканамічны патэнцыял сельскагаспадарчай вытворчасці дазваляе нам мець намнога больш выніковыя эканамічныя паказчыкі, чым тыя, якія мы зараз маем. Сучасныя жывёлагадоўчыя фермы і комплексы, якія ёсць у кожнай гаспадарцы – а мы «мінусуем» да паказчыкаў адпаведнага перыяду мінулага года і толькі адно сельгаспрадпрыемства – ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» мае ўстойлівы плюс – 112%. Аб чым гэта сведчыць? Напэўна, аб тым, што ў гэтай гаспадарцы здолелі мабілізаваць увесь свой патэнцыял, задзейнічаць усе рэзервы, а чаго чакаюць астатнія? Нават КСУП «Веляцін» – галоўнае наша валаўтвараючае сельгаспрадпрыемства, і тое сёння працуе па вытворчасці малака горш, чым летась.

Таму сёння ўсім, хто заняты ў сельскагаспадарчай вытворчасці, трэба дакладна і цвёрда ўсвядоміць: наш дабрабыт сёння напрамую залежыць ад вынікаў нашай працы. Дысцыпліна, адказнасць, сумленнасць – галоўнае патрабаванне ад кожнага работніка і кожнага працоўнага калектыву.
Чаму мы столькі ўвагі надаем малаку? Ды таму, што вытворчасць малака – самы просты і эфектыўны шлях зарабатвання сродкаў для прадпрыемстваў: будзем шмат прадаваць яго і павышаць яго якасць – будуць у нашых гаспадарках і новая тэхніка, і ўгнаенні, і выдатнае насенне, і сродкі аховы раслін, будзе расці і заработная плата працуючых.

Вось чаму сёння ставіцца задача не толькі нарошчвання аб’ёмаў вытворчасці малака, але і павышэння яго якасці – не менш 90 працэнтаў яго павінна рэалізоўваць кожная гаспадарка гатункам «Экстра». Для гэтага ў нас сёння ёсць усе ўмовы, важна толькі строга выконваць патрабаванні сучасных тэхналогій, захоўваць належны ўзровень працоўнай дысцыпліны. Тады і вынік будзе належным.

Гутарыў Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *