Тыя з нашых падпісчыкаў, якія застаюцца вернымі газеце ўжо не адно дзесяцігоддзе, напэўна, заўважылі, што амаль увесь гэты час з яе старонак не сыходзіць прозвішча дынастыі механізатараў Харкевічаў.
Сёння, напярэдадні свята працаўнікоў вёскі, хочацца яшчэ раз расказаць аб адным з заснавальнікаў гэтай працоўнай дынастыі – Юліяне Вячаслававічы.
Нарадзіўся ён у Глінішчы, на радзіме нашага самага славутага земляка – пісьменніка, чыё імя носіць сёння сельгаспрадпрыемства – І.П. Мележа. Праўда, асабіста пазнаёміцца не давялося, але ў памяці яго яшчэ застаюцца хвіліны сустрэч Івана Паўлавіча з зямлякамі, якія так любіў знакаміты пісьменнік.
У той час Юліян яшчэ хадзіў у сярэднюю школу, але ўжо тады асвойваў азы прафесіі механізатара. Трактарыстамі працавалі яго родны і дваюродны браты, яны ж і выхавалі ў юнака на ўсё жыццё любоў да тэхнікі.
Так што ўжо да заканчэння сярэдняй школы, Юліян цвёрда вызначыўся са сваім выбарам – Рудакоўскае ПТВ № 30 механізацыі. Не злічыць, колькі працавітых і майстэрскіх кадраў дала нашаму і суседнім раёнам гэтая ўстанова прафтэхадукацыі! Вось і Юліяну Харкевічу яно таксама дапамагло атрымаць пасведчанне механізатара. Потым, з 1973 па 1975 год, была служба ў Савецкай Арміі, а пасля дэмабілізацыі з яе радоў ён нязменна працуе ў роднай гаспадарцы. Ужо на пятае дзесяцігоддзе перасягнуў яго механізатарскі стаж, і касіць даводзілася, і араць, і глебу апрацоўваць – дыскаваць, культывіраваць, а апошнія гады больш працаваў на прэс-падборшчыку. З цеплынёй узгадвае Юліян Вячаслававіч ажно 16 сезонаў, якія ён правёў за штурвалам збожжаўборачнага камбайна СК-3:
– У цэлым нармальная і надзейная была тэхніка Таганрогскага філіяла завода «Ростсельмаш». Былі, праўда, і свае недахопы – часта забіваўся сцяблінамі раслін барабан, даводзілася ачышчаць яго ўручную. Асабліва запомнілася, як гэтую самую ачыстку барабана мне дапамагаў рабіць не абы хто, а першы сакратар райкама КПБ Г.Т. Карасевіч. У дні жніва ён, нягледзячы на свой высокі статус, дняваў і начаваў на полі. Пад’ехаў да нас, а тут – такі канфуз… Скінуў белую кашулю – і на камбайн! Не ад’ехаў, пакуль камбайн не запрацаваў нармальна…
Юліяну Вячаслававічу ёсць што ўспомніць за гэтыя 43 гады работы. Сам ён стаў выдатным механізатарам, не раз выходзіў пераможцам у спаборніцтве на жніве і нарыхтоўцы кармоў, як у гаспадарцы, так і ў цэлым па раёну. Але заслуга яго яшчэ і ў тым, што двух сыноў выхаваў – Сяргея і Уладзіміра, якія таксама сталі кваліфікаванымі механізатарамі і сёння абодва працягваюць справу бацькі.
Зараз, па ўзросту Юліян Вячаслававіч ужо некалькі год, як на пенсіі. Але на заслужаны адпачынак ён не спяшаецца і па-ранейшаму працуе на МТЗ-82. Займаецца падвозкай зялёнай масы да месц закладкі травянога сянажу, падвозіць зялёны корм на фермы. Яго працавітая, цвёрдая рука (у чым давялося пераканацца аўтару гэтых радкоў, паціскаючы яе) усё гэтак жа ўпэўнена трымае штурвал кіравання. А пакуль ёсць такія людзі ў нашай сельскай гаспадарцы – будзем і мы з хлебам, малаком і мясам.
Віктар НАЗАРАНКА.
Фота Вікторыі МАРОЗ.