Жадаем перамог у Анталіі
Шэраг перамог на абласных і рэспубліканскіх узроўнях атрымалі ў студзені гэтага года хойніцкія дзюдаісты, выхаванцы трэнера СДЮШАР г. Хойнікі Алега Маратавіча Лук’яненкі.
У спорткомплексе «Стайкі» г. Мінска адбылося першынство рэспублікі па барацьбе дзюдо сярод юнакоў і дзяўчат 1996-1997 гадоў нараджэння, у якім прымалі ўдзел каманды з Расіі, Украіны, Туркменістана, Таджыкістана, Малдовы, Грузіі.
На гэтых прадстаўнічых спаборніцтвах першае месца ў вагавой катэгорыі 57 кг заняла Хрысціна Ярац, пацвердзіўшы свой першы нумар у рэйтынгу сярод дзяўчат-дзюдаістак Беларусі. Другое і трэцяе месцы ў сваіх вагавых катэгорыях 52 і 57 кг занялі адпаведна Ксенія Будзько і Аляксандра Шкут.
Акрамя таго, па выніках першынства Х. Ярац і К. Будзько адабраны для ўдзелу ў спаборніцтвах на кубак Еўропы, якія адбудуцца ў сакавіку ў турэцкім горадзе Анталія.
Ксенія Будзько, да таго ж, на чэмпіянаце Беларусі заняла трэцяе месца, што з’яўляецца вельмі дастойным вынікам.
** ** **
Як і ў асабістым заліку, так і ў камандным паспяхова выступілі хойніцкія дзюдаісты. Так, у абласных спаборніцтвах па праграме алімпійскіх дзён моладзі сярод юнакоў і дзяўчат 1997-1998 гадоў нараджэння ў Гомелі ў цэнтры алімпійскага рэзерву адзінаборстваў зноў не было роўных нашай камандзе. На гэты вынік добра папрацавалі спартсмены, выступаючыя ў асабістым заліку: першае месца занялі Максім Грыгаровіч і Міхаіл Стольнікаў, другое – Ягор Карась, трэцяе – Дзяніс Калыхан і Антон Вараб’ёў. Сярод дзяўчат другое месца заняла Дар’я Грыгаровіч, трэцяе – Яўгенія Служэнка.
І на чэмпіянаце Гомельскай вобласці па дзюдо таксама быў удалым старт нашых дзюдаістаў – каманда СДЮШАР г. Хойнікі заняла першае месца.