Казаць «дзякуй» ветэранам Вялікай Айчыннай вайны мы, мабыць, не стомімся ніколі.
З кожным годам становіцца ўсё менш людзей, якім можна пакланіцца ў пояс за мірнае неба і свабоду. Таму павіншаваць герояў вайны са знамянальнай датай – асабліва ганарова.
Напярэдадні 75-й гадавіны вызвалення Хойнікшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прадстаўнікі раённых арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму і Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі наведалі на даму ветэранаў Соф’ю Аляксандраўну Жыляк і Сямёна Аляксандравіча Акуленку. У сілу ўзросту і стану здароўя ўдзельнікі гераічных баёў за Радзіму не могуць быць на святочных мерапрыемствах, мітынгах і сустрэчах.
У асабістай гутарцы ў цёплай абстаноўцы з кожным удзельнікам вайны госці выказалі ім пачуццё шчырай удзячнасці і падзякі за ўклад, які яны ўнеслі ў перамогу над фашысцкай Германіяй, за працу ў ваенныя і пасляваеннныя гады, пацікавіліся іх здароўем і надзённымі праблемамі. Кожнаму паднеслі падарункі, прадуктовыя наборы, а галоўнае – надалі ўвагу.
На вялікі жаль, майго героя, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, майго дзядулі С.І. Акуленкі няма са мной побач ужо адзінаццаць гадоў. Як няўмольна хутка бяжыць час! Але ў маім сэрцы жыве падзяка за тое, што ён быў у маім жыцці, я ганаруся ім. І я ўпэўнена, што 24 лістапада ён апрануў бы свой лепшы пінжак з яркімі як сонца медалямі і прыняў бы ўдзел ва ўрачыстым мітынгу, каб з дзесяткамі хайнічан, ад малога да вялікага, аддаць даніну памяці і ўскласці кветкі да Брацкай магілы…
Алена СМУСЯНОК.
Фота аўтара.