Поварам – зручна, рабятам – смачна
Курс на мадэрнізацыю, узяты ў нашай краіне, закранае не толькі эканамічную галіну, але і ўсе сферы дзейнасці, адукацыйную ў тым ліку. Сучаснае тэхналагічнае абсталяванне, новыя тэхналогіі прыгатавання ежы ў школьных сталовых, разнастайнасць асартыменту страў, абагачэнне прадуктаў харчавання – асноўныя прыярытэты ў арганізацыі харчавання вучняў – азначаюць, разам з тым, і гарантыю здаровага ладу жыцця.
Аддзелам адукацыі райвыка-нкама многае робіцца для таго, каб у школьных сталовых было сучаснае абсталяванне. Толькі за 2012 год закуплены марміт, жароўня, машына для перапрацоўкі гародніны, 2 бульбачысткі, сталовы і кухонны посуд на суму 110 мільёнаў 659 тысяч рублёў. Праграма тэхнічнага перааснашчэння харчблокаў устаноў адукацыі раёна на 2011-2015 гады выканана на 100%.
Адна бульбачыстка і машына для перапрацоўкі гародніны пастаўлена ў сталовую трэцяй гарадской сярэдняй школы.
– На гэта не нарадуемся, – не хавае ўдзячнасці загадчыца сталовай Валянціна Арцёмаўна Ермакова. – Уявіце, колькі старання і часу трэба было прыкласці раней нашым поварам, каб ачысціць бульбу – больш за 700 жа вучняў штодзень кормім. Ды і гароднінарэзка вельмі дарэчы: ёю можна хутка і прыгожа нарэзаць як сырую гародніну, так і вараную прадукцыю з яе. Пасудамыечная машына вельмі спатрэбілася, пры гэтым зазначу, што вывелі з абыходжання посуд з нержавейкі, на сталах рабят цяпер ён толькі фарфоравы. Працуе гэта сталовая па 2-тыднёваму прыкладнаму меню. У абавязковым рацыёне школьнікаў – свежыя агуркі, памідоры, яблыкі, апельсіны, разнастайныя сокі. Песцяць повары рабят і дамашняй выпечкай – гатуюць сасіскі ў цесце, ватрушкі з сырам, пельмені.
– Такім чынам, працягвае Валянціна Арцёмаўна, – дзеці, якія харчуюцца ў нашай сталовай, быццам бы знаходзяцца пры гэтым ва ўтульнай дамашняй абстаноўцы.
Ва ўсіх установах адукацыі створаны саветы па харчаванню, праводзяцца пасяджэнні аналагічнага раённага савета, на якіх разглядваюцца пытанні ўдасканальвання працэсу харчавання вучняў. Створаны бракеражныя камісіі, якія ажыццяўляюць кантроль за закладкай прадуктаў, якасцю і выхадам прыгатаваных страў. Вядзецца маніторынг арганізацыі харчавання дзяцей.
Праводзіцца вытворчы і лабараторны кантроль за якасцю і бяспекай харчовых прадуктаў на аснове заключэння дагавораў з тэрытарыяльным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Харчблокі ўкамплектаваны работнікамі, якія прайшлі прафесійную падрыхтоўку. Распрацавана і рэалізуецца праграма павышэння кваліфікацыі педагагічных работнікаў па пытаннях арганізацыі харчавання дзяцей.
У мінулым годзе праведзена значная работа па нарыхтоўцы гародніны – яе даставілі з СВК «Урыцкае» 38,7 тоны, а размясцілі ў спецыяльна абсталяваныя гароднінасховішчы. Асабліва якасна падрыхтаваны яны да асенне-зімовага перыяду ў Стралічаўскай і Судкоўскай СШ, гімназіі г. Хойнікі, другой гарадской сярэдняй школе, Судкоўскім яслі-садзе, цэнтры і карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Выконваюцца нормы харчавання па асноўных відах прадуктаў (мяса, морапрадукты, гародніна, сокі, фрукты). Арганізавана харчаванне па тыпу «шведскага стала» ў гімназіі, Судкоўскай, Стралічаўскай, Казялу-жскай сярэдніх школах. Эстэтычна аформлены абедзенныя залы ў Стралічаўскай СШ, гімназіі, Глінішчанскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе.
Ва ўстановах адукацыі праводзіцца пастаянная работа па ўкараненню элементаў харчавання па прынцыпу «шведскага стала», ім ахоплена больш за 550 вучняў раёна, або 19%.
Халадзільнае і тэхналагічнае абсталяванне для сталовых набываецца за сродкі, выдзяляемыя дзяржавай па чарнобыльскай тэматыцы. Усяго харчуюцца ў нашым раёне 2770 школьнікаў і каля 900 дашкольнікаў. У школьных сталовых працуюць штатныя работнікі райспажыўтаварыства, у дзіцячых садах гэта справа выконваецца ўласнымі сіламі.