Як вы засцерагаецеся ад грыпу?
Захворванні на вострыя рэспіраторныя і іншыя вірусныя інфекцыі і грып не толькі некамфортныя для чалавека, але і нясуць небяспеку цяжкіх ускладненняў на арганізм. Ёсць нямала прэпаратаў, дапамагаючых трымаць кругавую абарону ад гэтых хвароб, у выйгрышы тыя людзі, хто зрабіў прышчэпку ад грыпу, аднак 100-працэнтнай гарантыі нават вакцына не дае. Урэшце рэшт, кожны чалавек гаспадар свайго здароўя і робіць свой выбар.
Таццяна Мікалаеўна Цалуйка, намеснік дырэктара цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі:
– Па майму глыбокаму перакананню, здароўе на 90% залежыць ад чалавека, а медыцыне пры гэтым, натуральна, застаецца 10%. Гэта датычыць і прафілактыкі прастудных захворванняў, і грыпу. Якія меры прымаю? Цёпла апранаюся, стараюся менш знаходзіцца ў месцах вялікага скаплення людзей, правільна харчуюся, ужываючы многа фруктаў, іншай вітаміннай прадукцыі. А самае галоўнае – трэба весці здаровы лад жыцця і пазітыўна мысліць. Такім чынам, не робячы прышчэпак ад грыпу, пакуль гэтая хвароба мяне не турбавала.
Галіна Мікалаеўна Скачко, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:
– У абавязковым парадку праходжу своечасовую вакцынацыю ад грыпу, я ў ліку тых 35% насельніцтва раёна, якія зрабілі прышчэпкі ў раённай паліклініцы летась. У дадатак да гэтага ў сваёй сям’і арганізоўваю рацыянальнае харчаванне, у якім на першым месцы часнок, цыбуля, фрукты і гародніна. Чай п’ём з лімонам, купляем іншыя цытрусавыя, сокі і полівітаміны.
Выкарыстоўваю даступныя меры загартоўкі: стараюся рабіць прагулкі на свежым паветры, а кватэру абавязкова праветрываю.
Ігар Віктаравіч Дземідзенка, пенсіянер:
– Канешне ж, здароўе залежыць толькі ад самога чалавека. І ў мэтах прафілактыкі грыпу і вірусных інфекцый трэба клапаціцца аб харчаванні, рэжыме, а ўрач – гэта апошняя ступень, калі без яго ўмяшальніцтва чалавеку можа пагражаць небяспека. Калі раптам спасцігае прастуда, лячуся з дапамогай чаю, мёду. Таксама вельмі важны паўнацэнны сон для аднаўлення сваіх сіл і трэба больш рухацца. А вакцынацыя супраць грыпу належыць мне згодна з медыцынскімі паказаннямі, таму ад яе ніколі не адмаўляюся.
Анастасія Аляксандраўна Ільічова, настаўніца дзіцячай школы мастацтваў:
– Некалькі гадоў таму назад зрабіла прышчэпку супраць грыпу і па прычыне таго, што, магчыма, пасля ўвядзення вакцыны імунітэт не дасягнуў ахоўных значэнняў, вельмі моцна перахварэла. Зараз, перш чым лячыцца «хіміяй» і хапацца за таблетку, спрабую засцерагчыся ад хваробы з дапамогай травалячэння. П’ю адвары з рамонку, чабору, парэчак. Стараюся гэта рабіць пастаянна, а не час ад часу. Травамі трэба лячыцца гадамі, абавязкова верыць у поспех і ўмець слухаць свой арганізм.