Час, гавораць, лечыць душу. Але толькі не тых, хто прайшоў суровую школу афганскай вайны. Вось і голас Аляксея Аркадзьевіча Жураўскага задрыжэў, і ад нахлынуўшых успамінаў на яго твары паказаліся слёзы. Прызнаюся, першай думкай было адкласці блакнот і ручку, але як магла спрабавала суцешыць, пры гэтым прамільгнула: што за жорсткая прафесія такая – сваімі пытаннямі прымушаць чалавека зноў перажыць той страшны час, пекла афганскай пустыні, куляй счэрчаны бронежылет, калі дзяліў з сябрамі апошні патрон, пакет і сухар, калі кожны дзень глядзеў у вочы смерці, страчваў сваіх баявых таварышаў…
Тры браты Аляксея ў свой час з чэсцю аддалі воінскі доўг Айчыне, два служылі ў Германіі, адзін – у Беларусі.
Праводзячы сына ў армію, бацькі пра малазнаёмы і такі далёкі Афганістан нават і не думалі. І сам ён даведаўся аб тым, што будзе служыць у гарачай па тым часе кропцы толькі ў Фергане, куды трапіў з гомельскага зборнага пункта ў вучэбны цэнтр. У адным эшалоне з ім быў і наш загінуўшы воін-інтэрнацыяналіст Васілій Заяц. Навучаліся разам, але служыць давялося ў розных часцях. Аляксей са сваім узводам быў накіраваны спачатку ў Кабул, затым – у Кандагар, а вайна для яго закончылася зноў жа непадалёку, у часці, якая дыслацыравалася ў 18 кіламетрах ад Кабула, калі юнак у званні яфрэйтара быў дэмабілізаваны.
Такім кароткім быў расказ майго субяседніка аб уласнай афганскай эпапеі. Вяртацца да асобных ваенных эпізодаў службы воіна, былога дэсантніка, па яго просьбе не прымушала, спытала толькі пра яго пачуцці, якія выпрабоўвае у дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Аляксандр Аркадзьевіч адзначыў, што гэта для яго святое – дзе б ні знаходзіўся, як бы сябе не адчуваў, заўсёды прыходзіць на сустрэчу баявых сяброў, памінае нашых землякоў, чыё маладое жыццё абарвалася ў Афганістане. У памяці сваёй перабірае інеем пакрытыя гады і ў думках зноў ляціць за сівую граду Кандагара, каб затрымацца ў цішыні, пачуць галасы яшчэ жывых юнакоў. І ў нашых днях нястрымна яго сэрца вярэдзіць памяць аб вайне і аб сябрах. Дзіцячая мара А.А. Жураўскага ажыццявілася, ён вывучыўся на вадзіцеля і ўвесь працоўны час знаходзіцца за рулём аўтамабіля, зараз з’яўляецца вадзіцелем па суправаджэнню пошты раённага вузла паштовай сувязі. У мірнай працы Аляксей Аркадзьевіч вельмі добрасумленны і адказны чалавек, на добрым рахунку ў адміністрацыі РВПС, карыстаецца аўтарытэтам у калектыве.
Моцны сямейны тыл яму стварыла жонка Галіна Пятроўна, якая працуе вышывальшчыцай на фабрыцы мастацкіх вырабаў. За мужнасць і доблесць, праяўленыя А. Жураўскім у саставе абмежаванага кантынгенту савецкіх войск у Афганістане, узнагароджаны медалём «Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа».
Клаўдзія БОСАК.