Заслужана і па праву

Сельское хозяйство

Галоўны інжынер КСУП «Эксперыментальная база «Стралічава» Уладзімір Уладзіміравіч Сідарок – адзін з самых вопытных інжынерных спецыялістаў у сельскай гаспадарцы нашага раёна.

І не толькі адзін з самых вопытных, але і адзін з самых ведаючых і адказных інжынераў гаспадарак.

Вось што гаворыць пра яго галоўны інжынер упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Р.І. Усс: «У эксбазе «Стралічава» да любой адказнай сельскагаспадарчай кампаніі механізатары заўсёды першымі рыхтуюць тэхніку: да веснавой і азімай сяўбы, уборкі збожжа і нарыхтоўкі кармоў. Усё робяць без мітусні і спешкі, спакойна і грунтоўна. У канцы лістапада тут таксама першымі паставілі на зімовае захоўванне жаткі і збожжаўборачную тэхніку, падрыхтавалі дэфектовачныя ведамасці і ўсю іншую неабходную тэхнічную дакументацыю. Адным словам, нездарма заўсёды стаўлю гэтага чалавека ў прыклад». Што ж, і сапраўды – вычарпальная і высокая ацэнка працы гэтага чалавека.

Яго любоў да сельскагаспадарчай тэхнікі, як у любога вясковага хлапчука, пачыналася яшчэ з дзяцінства. Нарадзіўся У.У. Сідарок у вёсцы Іванаўка. У 1986 годзе скончыў Стралічаўскую СШ і адразу пасля заканчэння паступіў у цяперашні Буда-Кашалёўскі сельскагаспадарчы каледж (раней гэта быў сельгастэхнікум).
Але правучыўся там толькі год – прыйшоў час аддаць патрыятычны доўг у радах Савецкай арміі. Трапіў Уладзімір Сідарок у слаўнае баявое братэрства маракоў-падводнікаў. Не раз хадзілі ў аўтаномнае плаванне, усплывалі нават на Паўночным полюсе і служыць яму давялося не два гады, як выпала многім равеснікам, а тры.

Пасля дэмабілізацыі Уладзімір Уладзіміравіч закончыў навучанне ў каледжы і з 1992 года з галавой акунуўся ў работы і свет тэхнікі. Працаваў спачатку вадзіцелем аўтамабіля ЗіЛ-130, інжынерам па сельгасмашынах, потым – брыгадзірам трактарнай брыгады. 70 адзінак тэхнікі было тады ў яго падпарадкаванні – трактары Т-150, К-700, МТЗ-80 і 82, гусенічныя ДТ-75, збожжаўборачныя камбайны «Дон-1500» і СК-5 «Ніва», фінскі імпартны камбайн «Sampo», кармаўборачныя камбайны КСК-100, Е-524… І ўсю гэтую тэхніку У.У. Сідарок ведаў дасканала, не раз дапамагаў у яе рамонце маладым, нявопытным механізатарам.

Шлі гады, тэхніка ўдасканальвалася, з’явіліся новыя камбайны і энерганасычаныя трактары, а У.У. Сідарок з 1998 года ўзначаліў інжынерную службу КСУП «Эксбаза «Стралічава». Ён імкнецца ніколі не адставаць ад часу, заўсёды быць у курсе ўсіх падзей у свеце сельскагаспадарчай тэхнікі і самых свежых тэхнічных навінак.
Як сам ён падкрэслівае ў нашай гутарцы, прыемна, што ўсе яго пытанні і праблемы заўсёды знаходзяць разуменне і падтрымку з боку дырэктара У.Л. Бондара. А гэта толькі дапамагае ў рабоце.

Зараз Уладзімір Уладзіміравіч у водпуску, але часта бывае на рабоце – ўвагі патрабуюць рухавікі і каробкі перадач камбайнаў і энерганасычаных трактараў, якія неабходна накіроўваць і ўжо накіравалі ў прадпрыемствы сістэмы аграсервісу вобласці – «Гомельаграпрамсервіс», «Мазырагратэхсервіс», «Мазыраг-праснаб», на Гомельскі маторарамонтны завод, а таксама сельскагаспадарчая тэхніка, якую механізатары «Стралічава» рамантуюць да вясны ўласнымі рукамі.

Задаволены У.У. Сідарок і тым, як якасна і хутка рамантуюць паліўную апаратуру, падшыпнікі вузлоў дыскатараў і іншую сельскагаспадарчую тэхніку на нашым рамонтным заводзе. Выгадна і тое, што не трэба яе вазіць за сотні кіламетраў і назад.

Вольны час у гэтага чалавека бывае рэдка. А калі і выпадаюць вечарам мінуты, любіць глядзець дакументальныя фільмы, тэхнічныя праграмы. Шмат часу займае сям’я і хатняя гаспадарка. Жонка – Марына Сяргееўна працуе ў дзіцячым садку, сын Аляксандр таксама закончыў Буда-Кашалёўскі каледж, працуе зараз інжынерам па бяспецы працы ў «Хойніцкім Аграсервісе». Дачка Наталля вучыцца ў Лоеўскім педагагічным каледжы.

Звычайная, працавітая і дружная сям’я, у якой людзі шчыра і сумленна працуюць і радуюцца поспехам блізкіх. Адным з такіх радасных поспехаў нядаўна, на Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, стала высокае званне, якое было прысвоена У.У. Сідарку – лепшы інжынер прадпрыемстваў сельскай гаспадаркі раёна. Заслужана і па праву!

Віктар Назаранка.
Фота Вікторыі Мароз.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *