Для сям’і, якая толькі ствараецца, кожная дробязь важная, а дата вяселля – тым больш. Нягледзячы на будні дзень, 14 лютага ў Доме абрадаў г. Хойнікі 2 пары маладажонаў зарэгістравалі шлюб.
Як высветлілася, дата для маладых не так і важная, а вось заступніцтва святога Валянціна – добры знак.
Маладыя, прыгожыя, жыццярадасныя, Павел Балабаеў і Яна Аніскавец, Дзяніс Кміта і Валянціна Раманюк вераць, што ажаніўшыся ў такую сімвалічную дату, яны будуць жыць у шлюбе доўга і шчасліва, што святы Валянцін прынясе іх будучым сем’ям вечнае каханне.
– Мы прыйшлі падаваць заяву ў аддзел ЗАГС, і нам прапанавалі гэту дату. Вельмі чулліва, хвалююча выходзіць замуж у Дзень святога Валянціна. Хочацца, каб засталіся нейкія асацыяцыі і ўспаміны. Я проста шчаслівая! – дзеліцца пачуццямі Валянціна Раманюк.
– Вельмі рады ў гэты дзень адзначыць такую падзею, – гаворыць жаніх Дзяніс Кміта. – Але ведаеце, галоўнае – гэта давер. Калі ты чалавеку давяраеш і ў вас поўная гармонія ў адносінах, то ўсё будзе добра.
У чаканні ўрачыстай цырымоніі нявеста Яна сказала, што дату 14 лютага іх пара выбрала асэнсавана, бо для іх гэта знак вечнага кахання. Лічыць, што ў шлюбе галоўнае – узаемаразуменне і павага. Жаніх Павел дадае: «А яшчэ і вернасць».
Спадзяёмся, што закаханыя абавязкова запаляць сваё шлюбнае жыццё яркімі пачуццямі і падораць адзін аднаму шмат выдатных і шчаслівых імгненняў.
Алена СМУСЯНОК.