Дзякуючы гэтай рубрыцы мы пазнаёміліся з жыхаркамі нашага раёна, якія захавалі рэцэпты мясцовых прысмакаў.
На гэты раз сакрэтам прыгатавання смачнага дэсерта пад назвай «Маковікі» дзеліцца ўраджэнка вёскі Барысаўшчына Любоў Кірылаўна Сцішанок. Пра гэту ветлівую і надзвычай абаяльную жанчыну даведалася дзякуючы цікаваму даследаванню вучаніцы 11 класа сярэдняй школы № 2 Вольгі Красоўскай, якая разам з настаўніцай А.В. Мяцельскай падрыхтавалі вучэбна-даследчую работу пра мясцовыя салодкасці на прыкладзе кулінарных звычак у сям’і дзяўчынкі. А самі маковікі Любові Кірылаўне дапамагала гатаваць яе нявестка Алена. Фотаздымкі гэтага працэсу вы зараз бачыце.
Больш за дваццаць гадоў назад Любоў Кірылаўна пераехала з Барысаўшчыны ў Хойнікі, бліжэй да сваіх сыноў, якія абодва пасяліліся ў райцэнтры. Колькі часу ў яе сям’і гатуюць маковікі, і ўспомніць цяжка. Здаецца, духмяныя пампушкі з салодкай начынкай не абмінулі ніводнага сямейнага свята. Нават у госці не сорамна з гаршчочкам маковікаў прыйсці – за лічаныя хвіліны размятуць іх. Звараныя на пары, гэтыя свайго роду варэнікі атрымліваюцца вялікімі па памерах, але ж лёгкімі і нібыта пухнастымі. Ды і начынка з-за сваёй плотнай тэкстуры не выцякае, таму з прыгатаваннем не будзе праблем нават у пачынаючых кулінараў.
Як зразумела па назве, асноўным інгрыдыентам для начынкі робяць перацёртае з цукрам макавае зерне. Але ёсць іншыя варыянты: цёрты яблык, тварог, нават мяккія цукеркі.
Цікава, што маковікі з’яўляюцца традыцыйнай святочнай мучной стравай у вёсцы Звяняцкае. Але досыць папулярныя яны на ўсёй Хойнікшчыне. У адрозненне ад традыцыйных варэнікаў, маковікі не варацца ў кіпені, а гатуюцца на пары ці ў печы.
Як Любоў Кірылаўна робіць барысаўшчанскія варэнічкі з макам, яна сама і расказвае:
– Перш-наперш трэба падгатаваць мак. Звычайна яго запарваюць кіпенем на нейкі час, потым ваду зліваюць, а насенне змяльчаюць. У маёй сям’і для гэтага карыстаюцца кавамолкай. Змелены мак трэба змяшаць з цукрам, каб начынка не была прэснай.
Для цеста прасейваем спачатку муку, адзін раз, а можна і двойчы. Яна набярэцца паветра, і цеста адпаведна атрымаецца мякенькім. Для маковікаў дастаткова 1,5 шклянкі мукі. Кефір, 2 шклянкі, асобна наліваем у міску, можна ў таз, каб змешваць было зручна. Дадаем 1 шклянку цукру, соль па густу і чайную лыжку соды. Размешваем сумесь, дадаем туды муку да тае пары, каб цеста было харошае, мяккае, але ж ад рук каб адыходзіла. Раскладваем цеста на стале, раскатваем і рэжам на квадрацікі, можна на трохвугольнікі. У сярэдзіну кладзем перацёрты мак з цукрам і зашчыпваем. Для гатавання на пары ставім каструлю, абвязваем марлечкай, чакаем, пакуль вада закіпіць, і выкладваем маковікі на тканіну. Зверху міскай накрываем, каб пары больш было. І адразу робім моцны агонь, тады яны лепш падымуцца. Праз 5 хвілін трэба перавярнуць маковікі на іншы бок і пакінуць таксама на 5 хвілін. Тады яны гатовыя.
А як падаваць? Хто з чым хоча: можна са смятанай, можна з варэннем, а то і так ядуць. Як варыянт, можна скласці ў асобную каструльку, паліць сметанковым маслам і паставіць у духоўку, толькі ненадоўга, а то яны падсмажацца і будуць чырвонымі, а трэба, каб былі беленькімі.
Усё жыццё Любоў Кірылаўна адпрацавала бухгалтарам у саўгасе «Барысаўшчына». З юнацтва ведае і карыстаецца даўнімі спосабамі прыгатавання тых самых маковікаў, а яшчэ добра нам знаёмых з дзяцінства коржыкаў і іншага печыва. Раней кожныя выхадныя пекла гэтыя дэсерты, песціла смакоцікамі сыноў, а пазней і ўнукаў. Цяпер жа нават для сябе гатуе такія стравы ўсё радзей. Тлумачыць, што калісьці ў магазінах нячаста набывалі салодкасці, самі ўсё гатавалі ды са сваіх прадуктаў – хатніх яек, масла са свайго малака, уласнага творагу і сыроваткі. А сёння можна зайсці ў любую краму і ўзяць па сваім гусце ці печыва, ці цукерак, таму неабходнасць нешта самастойна гатаваць да сямейнага чаяпіцця з часам адпала.
Хаця і сёння раз-пораз напячэ для сваіх родных талерачку цукровых коржыкаў, а калі ўсёй сям’ёй збяруцца на вячэру, то і маковікі можна распачаць. Галоўнае, каб з чыстай душой да гатавання падыходзілі, тады і страва атрымаецца смачная. Паспрабуйце і вы.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота прадстаўлена А. Мяцельскай.