Сайт ліцэя – адзін з лепшых у вобласці

Рэха падзеі

З 15 мая па 31 снежня летась праведзены абласны конкурс на лепшы сайт установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Спаборніцтвы сярод распрацоўшчыкаў сайтаў арганізоўваліся ўжо чацвёрты раз. Яго асноўныя мэты – стымуляванне зместавага напаўнення сайтаў, шырокага прымянення інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій удзельнікамі адукацыйнага працэсу, падтрымка творчых ініцыятыў па стварэнню інфармацыйных рэсурсаў.



Разам з 33 сапернікамі за перамогу змагаўся і Хойніцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй, дакладней сказаць, яго сайт hgpl.by. Па выніках конкурсу, якія нядаўна былі падведзены, першае месца падзялілі электронныя рэсурсы Светлагорскага ліцэя хімікаў і Гомельскага прафтэхвучылішча № 79. Дыпломаў другой ступені ўдастоены сайты, распрацаваныя ў Хойніцкім ліцэі, Гомельскім каледжы машынабудавання і Чачэрскім ПТВ № 186 сельгасвытворчасці.



Ганаровае «срэбра» для нашых ліцэістаў стала сапраўды значнай і радаснай падзеяй, за тры гады існавання сайта – гэта першая перамога. Стваральнікам электроннага рэсурсу з’яўляецца інжынер-праграміст ліцэя Аляксандр Аляксандравіч Шпарун (на здымку). Арыгінальны дызайн сайта, напаўненне і штодзённае абнаўленне – справа яго ўмелых рук і крэатыўнага мыслення.



Сайт hgpl.by увабраў у сябе шмат цікавай і, галоўнае, карыснай інфармацыі. Тут можна прачытаць свежыя навіны, пазнаёміцца з гісторыяй ліцэя, вучэбнай базай, даведацца пра адміністрацыю і педагагічны калектыў. У раздзелах «Абитуриентам», «Студентам», «Родителям» кожны знойдзе адказы на цікавячыя пытанні. Можна шмат расказваць аб адметнасцях і карысці гэтага рэсурсу, але, вядома, лепш адзін раз пабачыць. Таму заходзьце на hgpl.by і ўвачавідкі ўпэўніцеся, што перамога ў нас заслужаная.



Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *