Гран-пры для Рэчыцкага філіяла

Культура

Чатырнаццаты па ліку агляд-конкурс сярод калектываў РУП «Гомельскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» прайшоў у Цэнтры культуры г. Хойнікі.

Нам даўно сталі звычнымі творчыя конкурсы для прадстаўнікоў розных прафесій. Па гэтай традыцыі штогод у розных гарадах Гомельскай вобласці дзеля павышэння службовай і асабістай культуры работнікаў, далучэння да духоўнай і культурнай спадчыны праходзіць агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці сярод калектываў РУП «Гомельскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры».

Лейтматывам усіх выступленняў стала ідэя Года малой радзімы. Усяго прыехалі паўдзельнічаць больш за 200 працаўнікоў прадпрыемства, якія прадставілі калектывы самадзейнасці Гомельскага гарадскога, міжгарадскога, Жлобінскага, Мазырскага і Рэчыцкага філіялаў. У склад апошняга, дарэчы, уваходзіць і хойніцкае агенцтва.

Праграма выступленняў была насычана разнастайнымі музычнымі нумарамі, песнямі, танцамі і сцэнічнымі пастаноўкамі.

Права адкрыцця мерапрыемства было даверана дырэктару агенцтва Аляксею Міхальчыку.
Усе ўдзельнікі без выключэння з вялізным хваляваннем чакалі сваю чаргу. Але, нягледзячы на напружанасць конкурснай атмасферы, падпявалі і падтрымлівалі апладысментамі выступоўцаў на сцэне. Бо ўсе разумелі, якая сур’ёзная падрыхтоўка крыецца за кожнай творчай праграмай. Больш за пяць гадзін канцэртнай праграмы прайшлі на адным дыханні.

Прафесійнае журы ў сваю чаргу ўважліва сачыла за кожным нумарам. Яркія эмоцыі ад убачанага і пачутага несумненна павезлі з сабой усе прысутныя ў зале.

Няпростая задача, якая стаяла перад журы ў вызначэнні пераможцы, была вырашана на карысць калектыву Рэчыцкага філіяла, які атрымаў галоўную ўзнагароду – Гран-пры. У гэтым ёсць заслуга і хайнічан. Віншуем!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота прадстаўлена А. Баляхінай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *