Рынак «Юбілейны» мяняе аблічча

Добраўпарадкаванне

26 красавіка 2012 года зарэгістраваны ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў новы суб’ект гаспадарання прыватнай формы ўласнасці – таварыства з дадатковай адказнасцю «Хойнікі-Маркет», у састаў якога ўвайшлі два рынкі нашага горада – «Юбілейны» і «Калгасны», набытыя праз аўкцыённыя таргі ў Хойніцкага райспажыўтаварыства. Заснавальнікамі ТДА «Хойнікі-Маркет» з’яўляюцца прыватныя асобы – Сяргей Мікалаевіч Каток і Алег Уладзіміравіч Душкевіч.



І ўжо многія наведвальнікі рынку «Юбілейны» змаглі адзначыць перамены, якія тут адбыліся.  Аб тым, што мяркуецца зрабіць у бліжэйшым часе, карэспандэнту «Хойніцкіх навін» расказаў дырэктар рынку Сяргей Мікалаевіч Малашкін.



Курс ўзяты на стварэнне належных умоў працуючых на рынку і для людзей, якія карыстаюцца яго паслугамі. Першым разам усе прадпрымальнікі, якія тут гандлююць, устанавілі ралеты. Ажыццяўляюць тут прадпрымальніцкую дзейнасць каля 120 чалавек, якія згодна з заканадаўствам адзін раз у месяц плацяць таварыству з дадатковай адказнасцю арэндную плату ў памеры 3,5 еўра за квадратны метр па курсу Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. Сёлета, у параўнанні з мінулым годам, колькасць гандлюючых індывідуальных прадпры-мальнікаў на рынку павялічылася на 10 чалавек, якія закупілі ў нас ралеты па наступных  цэнах: адзінарны каштуе 2 мільёны 700 тысяч рублёў, а вялікі – чатыры з паловай мільёна рублёў. Пасля пакупкі ралеты з’яўляюцца прыватнай уласнасцю індывідуальных прад-прымальнікаў.



Адначасова праводзілася будаўніцтва новых гандлёвых кропак   –  спачатку пакупнікоў запрасіў магазін бытавой хіміі, які размясціўся пры ўваходзе на рынак злева ў памяшканні былога магазіна будматэрыялаў райпо, а крыху пазней насупраць з’явіўся магазін «Мир свежести», які гандлюе аналагічнымі таварамі. Прымальныя цэны, гібкая сістэма скідак у час правядзення разнастайных акцый – усё гэта не толькі добратворна ўплывае на тавараабарот, але і прываблівае вялікую колькасць наведвальнікаў.
Сёлета плануем адкрыць яшчэ два новыя магазіны, у адным з іх можна будзе  набыць будаўнічыя матэрыялы. Зараз гандлёвыя кропкі на стадыі ўзвядзення, у красавіку тут мяркуецца прыступіць да аддзелачных работ.



Таксама ў планах на гэты год – будаўніцтва крытага рынку, дзе індывідуальныя прадпрымальнікі будуць гандляваць бакалеяй і харчовымі прадуктамі, якія маюць невялікі тэрмін рэалізацыі, гэта робіцца па просьбе саміх гандлюючых. І размесціцца гэты рынак на месцы былога хлебазавода. Вядома, што ўсё праводзіцца з мэтай захоўвання ўсіх санітарных норм і правіл.
Тут жа  будзе працаваць і ветэрынарная лабараторыя,  якая пераедзе ў гэтым годзе  са «старых» Хойнік, зноў жа для зручнасці гандлюючых мясам. Памяшканне для ветлабараторыі зараз рамантуецца.



Паклапаціліся і аб гандлярах, якія прапаноўваюць пакупнікам гароднінную прадукцыю са свайго прысядзібнага ўчастка. Для іх паставілі стол і лаўку пад павеццю пры ўваходзе на рынак. Гэтае месца працы таксама будзе ўдасканалена: да вясны зробім прыбудову, пасярэдзіне якой будзе праход, а па баках – два сталы. Пакуль гэтыя гандляры не плацяць арэндную плату, з вясны яна будзе ўстаноўлена, але мінімальнага памеру.
Намечаны і выконваецца шэраг работ па добраўпарадкаванню рынку. Унутры памяшкання былога хлебазавода будзе абсталяваны сучасны платны туалет.
У будучым годзе таксама плануем на тэрыторыі рынку пракласці асфальт, будзе праводзіцца і абустройства платнай стаянкі для аўтамабіляў. Але ўсё гэта, разумееце, патрабуе вялікіх фінансавых затрат, для чаго стараемся ўзяць дзяржаўныя крэдыты.



На зімовы час заключылі дагавор на вывазку снегу з тэрыторыі рынку з КЖУП «Хойніцкі камунальнік», аднак гэта прадпрыемства неналежным чынам выконвае дагаворныя абавязкі, тэхніка для гэтай мэты працуе тут нерэгулярна. Такое становішча, канешне, выклікае справядлівыя нараканні наведвальнікаў, таму ў планах на будучы год у нас – набыццё ўласнай снегаўборачнай тэхнікі. Хаця гэта патрабуе значных грашовых сродкаў, але справа таго каштуе: мы хочам, каб людзі, якія карыстаюцца паслугамі рынку, адчувалі сябе камфортна ў любую пару года.
Працоўны штат рынку зараз наступны: 4 вартаўнікі, 1 рабочы, 2 прыбіральшчыкі, бухгалтар, касір,  галоўны інжынер і дырэктар. Офіс фірмы абсталяваны ў памяшканні каля мяснога павільёна.



Запісала Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *