Вясёлыя кароўка і бычок з фанеры пасяліліся на Пудакоўскім малочна-таварным комплексе. Неўзабаве да іх далучыцца і «даярка».
«Навасёлы» з’явіліся тут дзякуючы творчасці цялятніцы Валянціны Краўчанкі і яе пляменніцы Вікі, якая вучыцца на мастака ў Гомельскім каледжы. Малыя архітэктурныя формы цяпер усім уздымаюць настрой.
А добры настрой – гэта так важна ў рабоце!
Хутчэй грэцца на печы
Зіма яе дзяцінства – гэта шмат снегу, рукавіцы на гумцы, прапушчаныя праз рукавы, катанне з горкі, чырвоныя шчокі ад бясконцых вулічных баёў. Вечарам дадому разам з братамі і сёстрамі (а ў сям’і было дзесяць дзяцей!) прыходзілі цалкам прамоклыя ад поту і снегу. У той час для дзяцей не было больш утульнага месца, чым цёплая печ. Маці ледзь здзірала заледзянелую вопратку і хутчэй заганяла на печку грэцца. Цяпер снежань маласнежны. Застаецца толькі чакаць, калі зямлю добра ўкрые белае покрыва і за нос пачне хапаць марозчык. І тады Валянціна Краўчанка разам са сваімі дочкамі Анюткай і Насценькай зноў акунецца ў дзяцінства – будзе гуляць у снежкі, катацца на азярцы, што стварылася за агародам, катаць дзяцей на санках і шчыра радавацца надыходу сапраўднай зімы. Хаця вольнага часу ў жанчыны вельмі мала, бо працуе на ферме, але ўвесь яго прысвячае сям’і, часта – сумесным забавам. І бясконца радуецца гэтым момантам.
Самастойнай рана зрабіў лёс
Кожную раніцу ёй трэба ўстаць на золку. Аднак Валянціна з аптымізмам сустракае кожны новы дзень і дзякуе Богу за ўсё, што мае. А гэта – і блізкія людзі, і вельмі складаная, але ўжо любімая работа, і ўтульны домік, які прадаставіла гаспадарка, і сябры, і магчымасць чуць, бачыць, адчуваць. Гэта цяпер яна жыве па вясковым меркам у дастатку, а вырасла на «хатнім» малаку і прадуктах – у плане ежы не шыкавалі – сям’я ж вялікая. Ды і гардэроб меўся вельмі сціплы. Бацькі – Ганна Пракоф’еўна і Іван Рыгоравіч – працавалі ў сельскай гаспадарцы. Былі руплівыя і старанныя, як маглі забяспечвалі дзяцей усім неабходным. Спачатку жылі ў Светлагорскім раёне, потым у Рэчыцкім. Сям’я была дружнай, усё рабілі разам, падтрымлівалі і падбадзёрвалі адзін аднаго. Аднак, калі Валянціна закончыла школу, бацькоў не стала. Малодшыя дзеці трапілі ў прытулак, а старэйшым варта было самастойна ўладкоўваць жыццё.
У Веляціне адчула сябе шчаслівай
Валя некаторы час працавала на Рэчыцкай мэблевай фабрыцы. Аднойчы падчас водпуску прыехала ў госці да сястры, якая тады ўжо жыла на Хойнікшчыне. І вырашыла тут застацца. Да «дэкрэта» працавала даяркай, а цяпер яна цялятніца на Пудакоўскім малочна-таварным комплексе.
Пераезд у Веляцін перавярнуў яе лёс на сто восемдзесят градусаў. Тут яна адчула сябе шчаслівай. У жаночым сэнсе. Бо тут сустрэла мужа Паўла, якім ніколі не перастае захапляцца. Здаецца, што вясковае жыццё аднастайнае і даволі сумнае. А вось мая аптымістычная субяседніца гэта цалкам абвяргае. Яна пастаянна ў руху. Тройчы ў дзень бывае на комплексе – даглядае сваіх любімых «падапечных» – цялятак.
– Пі, маленькі, пі, мой харошы. Куды ты, ну, хадзі сюды, ну што ты… Ну, давай, еш, будзеш дужы… От малайчына! – так ласкавала гутарыць Валянціна са сваімі «малышамі» на ферме. Дабрыня – універсальны метад зносін з любой жывой істотай, унікальны чароўны сродак, які кожнаму зразумелы.
Умовы працы на комплексе выдатныя, таму і настрой на рабоце адпаведны. Чысценька і ўтульна цяляткам, радасна і на яе душы. А каб яшчэ камфортней было жывёле, усё робіць своечасова – корміць, поіць, падсцілае і ўбірае.
Мясныя стравы заўсёды ў хатнім меню
У прамежках паміж работай яна – ахоўніца ачага, гаспадыня. Завіхаецца ля пліты. Калі па хаце разліваецца ні з чым не параўнальны водар простых і ў той жа час такіх смачных вясковых страваў, адразу зразумела: хутка сям’я збярэцца разам за сталом і маці будзе частаваць чымсьці смачненькім. Калі я спытала: якая ў гаспадыні фірменная страва, яна не раздумваючы з усмешкай адказала, што мяса. І дадала: «Свіней трымаем, галоўнае – пабольш пакункаў спецый набыць».
Урокі – справа агульная
Муж працуе вадзіцелем у гаспадарцы – развозіць даярак, таксама дома бывае «набегамі». Але ўвечары ёсць маленькая ўжо сямейная традыцыя – рабіць ўсім разам урокі. Тата адказвае за матэматыку, а матуля за чытанне і пісанне. Дочкі ходзяць у першы і другі клас. Іх прывучаюць адказна ставіцца да вучобы, і дзяўчынкі растуць паслухмянымі. Акрамя таго, любяць усе разам пагуляць у развіваючыя гульні, а вось ноўтбук, дарэчы, не спяшаюцца купляць, плануюць толькі тады, калі гэта неабходна будзе для навучання.
У клуб бярэ пакет для падарункаў
На сон у Валянціны ўходзіць пяць гадзін. Часам варта толькі дакрануцца да падушкі, як тут жа засынае. Яно і зразумела: як бы ні стараўся, стомленнасць дае аб сабе ведаць.
Але Валянціна любіць актыўнае жыццё. Летам на ферму – абавязкова на веласіпедзе. Яна – чалавек прамы, заўсёды кажа, што думае. Працалюбівая. Яе любімыя кветкі – рамонкі, а пара года – лета. Па тэлевізару любіць глядзець біятлон, асабліва раней, калі ў спаборніцтвах удзельнічала Даша Домрачава. Яна адказная і вясёлая. Пакуль я фатаграфала яе для першай старонкі газеты, насмяялася ўдосталь. У час нашай гутаркі мая суразмоўца ні разу ні на што не паскардзілася, бо проста любіць жыццё. Прывыкла да цяжкай работы і кажа, што ёй здаецца, быццам быць журналістам нават складаней, чым цялятніцай. Але галоўнае – яе пазітыў, яна з задавальненнем удзельнічае ў конкурсах і розных святах.
Да прыкладу, вельмі любіць шчадраваць – ходзіць віншаваць суседзяў і родных, ды і на ферме калег заўсёды як-небудзь цікава павіншуе. Любімае свята Валянціны – Новы год. Калі ідзе ў мясцовы клуб, кладзе ў кішэню пакет для падарункаў, бо ведае, што дамой прыйдзе з сюрпрызамі, якія выйграе ў конкурсах.
Аб якім падарунку марыць?
У многіх самыя радасныя, светлыя асацыяцыі звязаны з Новым годам. Усё чароўнае, незабыўнае: чаканне падзеі, клопаты з нагоды, традыцыі… Сям’я Краўчанкаў таксама ўжо ў прадчуванні свята. Паставяць пушыстую прыгажуню-елку. Яна будзе зіхацець бліскучымі цацкамі і агенчыкамі. Ну і, канешне, будуць падарункі і цукеркі ад Дзеда Мароза. Калі я спытала ў Валянціны аб падарунку яе мары, жанчына шчыра адказала: «У мяне ўсё ёсць. Адзінае, чаго хачу, каб здаровымі і шчаслівымі былі родныя. Але яшчэ ёсць адна мара… У мяне самы лепшы муж! Але падарунка хачу менавіта ад яго – каб нарэшце звазіў на мора». Пасля гэтых слоў яна засмяялася, але адчувалася, што сапраўды ёй гэтага хочацца.
Павел Міхайлавіч, звяртаюся да вас, здзейсніце, калі ласка, мару. Новы год – гэта ж час цудаў, веры і надзеі на лепшае і новае, а таксама ажыццяўлення планаў.
Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.