Лічыў сябе майстрам крадзяжоў…

Законнасць і парадак

Малады чалавек Сяргей  Труханаў, ураджэнец вёскі Гарочычы Калінкавіцкага раёна,  у свае 20 гадоў ніякім чынам у соцыуме не замацаваўся: пастаяннага месца жыхарства не мае, халасты, хаця пасля атрымання сярэдняй адукацыі мог выбраць правільную жыццёвую сцежку.



Хлопец усведамляў, што крадзёж – гэта крымінальна-пакаральнае злачынства, і ўсё ж уступаў у канфлікт з законам. Да таго як трапіць у 2012 годзе ў поле зроку хойніцкіх праваахоўнікаў, за здзяйсненне 7 крадзяжоў быў судзімы судом Веткаўскага, Добрушскага, Ельскага раёнаў.  На лаву падсудных у Хойніках сеў 16 ліпеня 2012 года, быў асуджаны па арт. 73 ч.1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь да 2 гадоў 6 месяцаў і 2 дзён абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу без пазбаўлення права займацца пэўнай дзейнасцю. Пакаранне не адбыў, маючы не знятую і не пагашаную судзімасць, на шлях выпраўлення не стаў і зноў вярнуўся на сцежку крадзяжоў.



Так, 25 лютага 2012 года вырваў прабой на ўваходных дзвярах дома № 90 па вул. Пралетарская і ўкраў электрадрэлі і набор свёрлаў. 23 ліпеня ў 4 гадзіны ночы  на адкрытым участку мясцовасці з прыватнай пасекі каля вёскі Берасцечка ўкраў 2 пчаліныя вуллі з пчоламі і мёдам. Ён жа ў пачатку кастрычніка 2012 года (дакладная дата і час следствам не ўстаноўлены) з домаўладання па вул. Настольская, 23 украў  дарожны веласіпед.  Аналагічны крадзёж здзейсніў 18 кастрычніка з дома № 33 па гэтай жа вуліцы. А 28 кастрычніка, знаходзячыся ў доме №15 па вул. Шасейная вёскі Стралічава і скарыстаўшыся тым, што гаспадары спяць, украў сумку палімерную, у якую склаў прыбратыя да рук рэчы: аконныя занавескі, ільняныя ручнікі, навалачку, мужчынскую сарочку і мужчынскую куртку. У апошні дзень кастрычніка ў 21.00 праз незакрытую фортку аконнай рамы пранік у дом № 35 па вул. Дабравольскага і ўкраў з кладовай веранды шліфавальную машыну.  Агульны матэрыяльны ўрон ад здзейсненых Труханавым крадзяжоў склаў 5 950 000 рублёў.



У прамежках паміж ходкамі на крадзёж «прадпрымальны» малады чалавек не ўпускаў шанс,  каб паправіць асабістае фінансавае становішча, збываючы з рук украдзеныя рэчы. Хадзіў па дварах і прапаноўваў тавар, прычым у большасці выпадкаў рабіў гэта за межамі раёна. На ўсе пытанні ўпэўнена адказваў, што тавар «чысты», не крадзены, і прадае ён яго толькі па той прычыне, што тэрмінова спатрэбіліся грошы. Дрэль, шліфавальная машынка, іншае ўкрадзенае за ўмераную плату разышліся на «ўра».
Пакуль праходзілі гэтыя падзеі, супрацоўнікі праваахоўных органаў рабілі сваю незаўважную для пабочнага вока работу: вялі расследаванне па заявах пацярпеўшых, супастаўлялі наяўныя факты, атрыманыя звесткі. Прайшло нямнога часу, і нітачка цёмнай справы была нарэшце распутана. Галоўны герой гэтай гісторыі атрымае заслужанае пакаранне: прымаючы да ўвагі, што па справе  сабраны дастатковыя доказы, Сяргею Труханаву  прад’яўлена абвінавачванне ў здзяйсненні 6 злачынстваў, прадугледжаных арт. 205 ч. 2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Ацэнку гэтым фактам дасць суд.



М. ЗАЯЦ, старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.  


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *