На прадпрыемствах раёна распрацоўваюцца планы мерапрыемстваў па зніжэнню ўзроўняў фізічных вытворчых фактараў, зніжэнню захворваемасці з часовай стратай працаздольнасці, праводзяцца капітальныя і касметычныя рамонты, арганізавана работа душавых, пакояў адпачынку і прыёму ежы, абсталяваны санітарна-бытавыя памяшканні, працуючыя забяспечваюцца спецадзеннем, сродкамі індывідуальнай аховы, мылам. Праводзіцца лабараторны кантроль за шкоднымі вытворчымі фактарамі, што дазваляе аператыўна выяўляць гігіенічную неспрыяльнасць на рабочых месцах. Значная ўдзельная вага замераў, перавышаючых дапушчальныя ўзроўні, выяўлена па фактару шуму і вібрацыі на рабочых месцах вадзіцеляў і трактарыстаў, аднак сельгаспрадпрыемствамі штогадовы кантроль за шкоднымі фактарамі фактычна не праводзіцца, вымярэнні зроблены толькі ў ходзе атэстацыі рабочых месц па ўмовах працы.
Прафесійных захворванняў у нашым раёне няма з 1999 года. Аднак штогод выяўляюцца захворванні, якія перашкаджаюць далейшай працы ў шкодных умовах.
Аналіз удзельнай вагі замераў шкодных вытворчых фактараў, перавышаючых дапушчальныя ўзроўні і канцэнтрацыі, за 2008 год у параўнанні з 1998 годам паказаў паляпшэнне сітуацыі па парах, газах, пылу і аэразолях, што тлумачыцца праведзенымі капітальнымі рамонтамі вентыляцыйных сістэм. Пагоршылася сітуацыя па шуму і вібрацыі (у сувязі са зносам аўтатранспарту), па мікраклімату і асветленасці. Пры зварачных работах у 100 працэнтах вымярэнняў выяўляюцца перавышэнні па ультрафіялетаваму выпраменьванню. У сувязі з шырокім распаўсюджваннем камп’ютэрнай тэхнікі з’явілася праблема перавышэння ўзроўняў электрамагнітных палёў, вырашыць якую можна толькі пры ўстройстве зазямлення і замене ўстарэлай камп’ютэрнай тэхнікі.
Задача кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўрачоў-гігіеністаў – не дапусціць пагаршэння здароўя людзей, давесці параметры прафесійных шкоднасцей да велічынь, не перавышаючых дапушчальныя ўзроўні, забяспечыць правядзенне перыядычных медыцынскіх аглядаў працуючых.
Для дакладнага ўліку колькасці работнікаў, занятых у шкодных і небяспечных умовах, у раёне ўкаранёна ў практыку сістэма ідэнтыфікацыі небяспекі – вызначэнне шкодных і небяспечных вытворчых фактараў і іх характарыстык. Гэтая работа праводзіцца штогод працадаўцамі сумесна з урачом-гігіеністам і ўрачом-тэрапеўтам, які выконвае функцыі прафпатолага.
У раёне летась перыядычнаму (адзін раз у 1-2 гады) медагляду належала 1157 працуючых у шкодных умовах. Абследавана 1143 (98,7%). Не забяспечылі стопрацэнтнае праходжанне агляду КВУП “Хойніцкі КБА”, ДЭУ-155, КУП “Хойнікірамбуд”, АТУП-14, РУП “Хойніцкі завод ЖБВ”.
За прайшоўшы перыяд 2009 года павінен быць ужо завершаны медыцынскі агляд усіх належачых работнікаў сельгаспрадпрыемстваў. Зацверджаны райвыканкомам графік выкананы ўсімі, за выключэннем КУП “Аравічы” і ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. З першага ў райпаліклініку з 45 належачых агляду не з’явіліся 40, з другога – з 67 – 53 чалавекі.
Сярод прайшоўшых агляд працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў у 24 выяўлены агульныя захворванні, якія патрабуюць дадатковага абследавання. Аднак 15 чалавек з КСУП “Веляцін” і 9 – з КУП “Эксбаза “Стралічава” на даабследаванне не з’явіліся.
У цэлым летась захворваемасць з часовай стратай працаздольнасці склала 5 дзён на 1 працуючага. Сярод прадпрыемстваў і арганізацый, работнікі якіх хварэлі часцей усяго, рамонтны завод (12,3 дня на аднаго працуючага), аддзел адукацыі (12,3), ДПТВ-183 (11), ПДРЭЗ (10,6), ПУП “Палескія сыры” (10,4). Менш усяго хварэлі ў КСУП “Веляцін” (5,3 дня на 1 працуючага).
Службай дзяржсаннагляду праведзены аналіз сітуацыі па ўсіх шкодных вытворчых фактарах на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна на падставе спіскаў асоб, належачых перыядычным медыцынскім аглядам у 2008-2009 гг.: без уліку бюджэтнай сферы (аховы здароўя, адукацыі) у шкодных умовах працы заняты 2378 чалавек. Гэтыя вынікі супастаўляльныя з вынікамі, атрыманымі пры атэстацыі рабочых месц (па інфармацыі ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне – 2482 чалавекі). Санітарная служба прыняла актыўны ўдзел у растлумачэнні методыкі ацэнкі ўсіх фактараў вытворчага асяроддзя на семінарах, што праводзіліся ў раёне. Практычна ўсім прадпрыемствам па дагаворах выканана гігіенічная ацэнка вынікаў лабараторных вымярэнняў з выдачай заключэнняў.
Самастойна правялі комплексную гігіенічную ацэнку ўмоў працы спецыялісты ДБУ-23, правільна ўлічаны і ацэнены ўсе вытворчыя фактары. Між тым, у АТУП-14, дзе больш за 30 рабочых месц са шкоднымі ўмовамі працы па шуму і вібрацыі, на медагляд накіравана толькі 3 чалавекі, пасля атэстацыі рабочых месц сітуацыя выпраўлена. Не змаглі комплексна ацаніць усе шкодныя фактары вытворчага асяроддзя спецыялісты ПДРЭЗ, дзе больш за 93% працуючых заняты ва ўмовах уздзеяння радыеактыўных рэчываў і крыніц іанізуючага выпраменьвання ў зоне адчужэння.
Улічваючы спецыфіку ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання на арганізм чалавека – магчымасць узнікнення верагодных (схаластычных) бязмежавых эфектаў (злаякасныя пухліны, лейкозы, спадчынныя хваробы), умовы працы персаналу характарызуюцца як шкодныя нават пры захаванні гігіенічных нарматываў (не перавышэння асноўных межаў доз апрамянення, устаноўленых нормамі радыяцыйнай бяспекі НРБ-2000). Ступень небяспекі трэба было ацаніць па кожнаму рабочаму месцу для вызначэння параметраў шкоднага фактару, выкладзеных у новай гігіенічнай класіфікацыі ўмоў працы ад 2007 года (СанПіН 13-2-2007). Аднак ні па аднаму рабочаму месцу ў ПДРЭЗ не праведзена ацэнка ўмоў працы па фактару “работа з крыніцамі іанізуючых выпраменьванняў”. На медагляды ж накіроўваюцца кожны год каля 400 чалавек, якія працуюць з радыеактыўнымі рэчывамі і крыніцамі іанізуючых выпраменьванняў. Такім чынам, пры адсутнасці даных аб фактычных параметрах іанізуючага выпраменьвання на канкрэтным рабочым месцы ў канкрэтны перыяд работы захворванне можа быць прызнана прафесійным, што пацягне значныя затраты на кампенсацыйныя выплаты, дэталёвы разбор выканання ўсяго комплексу прафілактычных мерапрыемстваў.
Анкалагічная захворваемасць у цэлым па раёну склала за 2007 год 404 выпадкі на 100 тысяч насельніцтва (у рэспубліцы – 402), у 2008 годзе – 409. Выяўлена ў 2007 г. 95 выпадкаў; на дыспансерным уліку знаходзіўся 631 чалавек, у 2008-м – 93, на дыспансерным уліку – 652.
Улічваючы латэнтны перыяд узнікнення верагодных беспарогавых эфектаў у апрамененых людзей ад 2-5 да 30-50 год і больш, пры медыцынскіх аглядах асоб, працуючых ва ўмовах уздзеяння іанізуючых выпраменьванняў, павінен рэалізоўвацца прынцып анкаасцярожнасці. З боку наймальнікаў – абавязковы ўлік усіх параметраў прафнебяспечнасці, захаванне прынцыпаў аптымізацыі: максімальна магчымае абмежаванне колькасці апраменьваемых людзей.
У цэлым работа па стварэнню належных умоў для людзей, якія працуюць у шкодных умовах, патрабуе ўдасканалення ў частцы адзінага падыходу да ацэнкі шкодных вытворчых фактараў, выканання арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў па давядзенню ўзроўняў шуму, вібрацыі, асветленасці, параметраў мікраклімату да нарматыўных велічынь, арганізацыі прафілактычных аглядаў працуючых і вытворчага лабараторнага кантролю за параметрамі вытворчага асяроддзя.
Н.Р. Лагвінец, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна