20 сакавіка ў райвыканкаме прайшла «прамая лінія» з удзелам кіраўніка раёна А.І. Цітка. Званіўшыя агучылі свае праблемы, просьбы.
Жыхар 53-й кватэры дома №12 па вул. К.Маркса паведаміў аб тым, што з лістапада ў падвале дома бесперапынна цячэ вада. Без ботаў не зайсці, але большая праблема ў тым, што эканоміі ніякай няма. Другая бяда – няма гарачай вады. Зліваць яе з крана даводзіцца доўга, але гэта не прыносіць жаданага выніку. І з асвятленнем у апошнім пад’ездзе дома непарадак. Лямпачкі перагараюць амаль кожныя 10 дзён.
Стан электраправодкі, цыркуляцыю падачы гарачай вады і праблему ўцечак яе ў падвале даручана ўзяць на кантроль галоўнаму інжынеру КЖУП «Хойніцкі камунальнік» С.У. Несцярэнку. Пасля ўхілення праблем сабраць жыльцоў, праінфармаваць аб зробленым, сабраць іх подпісы ў акце выкананых работ.
Жыхарку вёскі Дворышча хвалюе магчымае знаходжанне мін у раёне былога завулка Заслонава гэтага населенага пункта. Жанчына, акрамя сябе, назвала імя яшчэ аднаго сведкі. Разабрацца даручана супрацоўнікам райваенкамата.
Яшчэ адзін званок таксама быў з Дворышча. Людзі прасілі падправіць дарогу па завулку Школьнаму. Ні балон газавы не можна падвезці, ні «хуткай дапамозе» пад’ехаць. Аляксандр Іванавіч адказаў, што гэту праблему ведае, і вырашыць яе можна будзе сёлетнім летам. Для гэтага будуць унесены змяненні ў праект па меліярацыі земляў. Дарогу падсыплюць гравіем, а ўздоўж яе будзе пракладзены канал для водаадвядзення.
Больш за ўсё доўжылася размова старшыні райвыканкама са званіўшымі наконт падтаплення. Гэта праблема не аднаго-двух чалавек. Амаль паўгорада ў большай або меншай ступені пакутуюць ад падняцця грунтовых вод. Яна ў падвалах, нават у домаўладаннях. Работнікі камунальнай службы, прадпрыемства меліярацыйных сістэм працуюць штодзённа – пашыраюць і паглыбляюць тыя канавы, што ёсць, і капаюць дадатковыя. Аляксандр Іванавіч паведаміў, што на работах па папярэджванню і ўхіленню наступстваў паводкі задзейнічаны 3 экскаватары, 1 трал, 2 адзінкі тэхнікі, якая адпампоўвае ваду. Агульная працягласць устроенага канала ў раёне вуліц А. Кашавога, Лугавая, прымыкання вул. Першамайскай складае 1070 метраў, прычым тут пройдзены газапровад высокага ціску і 2 газапровады нізкага ціску на ўчастку перасячэння меліярацыйнага канала. Працягласць ачышчанага канала ў раёне вул. Пралетарская складае 790 метраў.
Жыхарка вул. Пушкіна, 14 прасіла адвесці ваду ад яе дома. Але, па словах А.І. Цітка, няма сэнсу капаць адразу па вул. Пушкіна, не зрабіўшы далейшы адвод вады. Таму ўсё робіцца па парадку. Пры неабходнасці адкаткі вады можна звяртацца ў КЖУП «Хойніцкі камунальнік». Там аказваецца такая паслуга платная.
Праблему падтаплення ведае і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.Ю. Дарагакупец, і старшыня аблвыканкама У.А. Дворнік – разам са старшынёй Хойніцкага райвыканкама А.І. Цітком яны выязджалі на месцы надзвычайных сітуацый. Зараз рыхтуецца паэтапная праектна-каштарысная дакументацыя для стварэння належнай меліярацыйнай сістэмы ў Хойніках і раёне.
Тэкст і фота Ірыны ЛУКАШЭНКА.