Сваё ўзросшае спартыўнае майстэрства выхаванцы СДЮШАР г. Хойнікі па цяжкай атлетыцы прадэманстравалі ў ходзе шэрагу спаборніцтваў рознага рангу. Так, на праходзячым у горадзе Пінску першынстве Рэспублікі Беларусь наша каманда адзіная з Гомельскай вобласці ўвайшла ў дзесятку лепшых, заняўшы 9 месца сярод 32 каманд, удзельнікамі якіх былі юнакі і дзяўчаты 1994-1996 гадоў нараджэння. У асабістым заліку першую прыступку п’едэсталу гонару пакарылі Таццяна Нікіценка і Дзяніс Буйневіч, другое месца заняў Андрэй Карась, трэцяе – Вольга Нікіценка.
На першынстве Рэспублікі Беларусь, якое праходзіла ў горадзе Барысаве, сярод юніёраў і юніёрак ва ўзросце да 20 гадоў, выступаючы за каманду Гомельскай вобласці, першае месца заняў Яўгеній Лявіцкі. Юнак паказаў лепшую суму дваябор’я на сённяшні дзень: у рыўку падняў штангу вагой 127 кілаграмаў, у штуршку – 151 кілаграм сярод удзельнікаў у вагавой катэгорыі да 69 кілаграмаў.
Другі вынік на гэтых спаборніцтвах паказала Іна Палуянава, якая першай сярод хойніцкіх дзяўчат-цяжкаатлетак устанавіла рэкорд Рэспублікі Беларусь. Асаблівыя віншаванні навучэнцу ДПТВ-183 Андрэю Вашчанку, які ўдастоены звання майстра спорту Рэспублікі Беларусь.
Чацвёртае месца каманда СДЮШАР заняла на першынстве вобласці па праграме алімпійскіх дзён моладзі, якія праходзілі ў спорткомплексе “Гомсельмаш”. На гэты раз нашымі прадстаўнікамі былі цяжкаатлеты другога і трэцяга саставаў. Другія месцы занялі Анастасія Пархоменка, Архан Аліеў, Ілля Аксанчук, трэція – Вольга Нікіценка, Аляксандр Цімафеенка, Андрэй Карась.
Яшчэ адна добрая навіна: у састаў зборнай каманды Гомельскай вобласці ўключаны юныя цяжкаатлеты – выхаванцы СДЮШАР Таццяна Нікіценка, Дзяніс Буйневіч, Аляксандр Гусак, Архан Аліеў, Раман Галезнік. У гэтым вялікая заслуга іх трэнераў А.М. Бяляўскага, М.В. Глушакова і А.Л. Шпаруна.
В. СЕРАДА,трэнер СДЮШАР па цяжкай атлетыцы.