У развітых краінах свету спорт – гэта цэлая індустрыя, якая развіваецца па сугучных з эканамічнымі законах і прыносіць немалы даход як дзяржаве (у выглядзе падаткаў і збораў), так і самім спартыўным клубам і іх акцыянерам. Складваецца ён не толькі з непасрэднага продажу білетаў на спартыўныя турніры і спаборніцтвы, але і з цэлага шэрагу іншых спадарожных фактараў: адлічэнняў ад тэлебачання і рэкламы, дзейнасці букмекерскіх кантор, спартыўных латэрэй, рэалізацыі сувеніраў і атрыбутаў з пэўнай спартыўнай сімволікай і многага іншага.
У гэтым годзе названая лічба будзе на парадак вышэй, а за кошт існуючай спартыўнай базы горада сваё фінансавае становішча змаглі істотна паправіць раённае спажывецкае таварыства і КЖУП «Хойніцкі камунальнік». Справа ў тым, што зараз, акрамя мазырскіх і рэчыцкіх майстроў гульні № 1, у нашым горадзе свой вучэбна-трэніровачны збор праводзяць іх юныя расійскія калегі з Санкт-Пецярбурга. На мінулым тыдні 5 дзён тут гасцілі рабяты 1997-1998 гадоў нараджэння, а з пятніцы па 31 сакавіка іх змянілі землякі з горада на Няве нараджэннем 1999 і 2000 гадоў. Жывуць яны ў гасцініцы «Журавінка», харчуюцца ў кафэ «Палессе», займаюцца на стадыёне. Першая група юных піцерцаў пакінула ў нашым раёне 11 мільёнаў 100 тысяч рублёў за харчаванне і 15 млн. 900 тысяч рублёў за пражыванне ў «Журавінцы».
Дэлегацыя будучых расійскіх футбалістаў, якая раскватаравалася ў «Журавінцы» зараз, заплаціла гасцініцы каля 46 мільёнаў рублёў за пражыванне, а за харчаванне ў «Палессі» піцерцы адлічылі райспажыўтаварыству каля 30 мільёнаў. Няхітры падлік дае агульную лічбу ў 103 мільёны рублёў – менавіта столькі даў футбольны сакавік нашаму гораду.
Але і гэты паказчык яшчэ не канчатковы, бо наперадзе – разлікі з тымі ж беларускімі футбольнымі клубамі «Славія» і «Ведрыч», якія таксама будуць весці на нашым стадыёне падрыхтоўку да пачатку футбольнага сезона адпаведна ў вышэйшым і першым дывізіёнах айчыннага футбола. Больш таго, «Славія», як і летась, першыя дамашнія матчы правядзе на хойніцкім стадыёне і бліжэйшы з іх па календары турніру намечаны на 7 красавіка, калі «славяне» згуляюць з чэмпіёнам краіны – барысаўскім БАТЭ. А гэта – яшчэ адна крыніца адлічэнняў у казну раёна.
Што датычыць піцерцаў, то іх трэнеры А.У. Агапаў і Д.А. Пажыдаеў, а таксама іх выхаванцы вельмі задаволены і ўмовамі пражывання ў «Журавінцы», і якасцю харчавання ў «Палессі», і ўважлівасцю персанала, і ўвагай да іх патрэб і запытаў з боку работнікаў аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама. Вельмі спадабаліся душавыя і раздзявалкі на стадыёне, але найбольшае ўражанне пакінула пакрыццё футбольнага поля, на якім дзве піцерскія каманды праводзяць трэніровачныя заняткі (на здымку) і на якім зараз праходзіць юнацкі турнір з удзелам іх равеснікаў з Рэчыцы, Мазыра і нашага горада. Праўда, завіруха мінулых выхадных прымусіла расіян скарэкціраваць планы і праводзіць заняткі ў спартыўнай зале цэнтра культуры г. Хойнікі. Але ўжо ўчора на стадыёне аднавіліся турнірныя баталіі юных футбалістаў, у чым вялікая заслуга ўсіх работнікаў аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама і ДЮСШ ФКСТ. Футбол на нашым стадыёне працягваецца, выклікаючы цікаўнасць спецыялістаў і аматараў гэтай цудоўнай гульні і, што таксама немалаважна, папаўняючы раённую казну.
Віктар НАЗАРАНКА.