Хайнічане сустракалі гасцей – творчую групу кінастужкі «Унутры сябе». Фільм зарэкамендаваны як псіхалагічны трылер і стаў першым у гэтым жанры ў нашай краіне.
У Цэнтры культуры арганізавалі не толькі дэманстрацыю кіно, але і знаёмства з яго прадзюсерам Віктарам Лабковічам і выканаўцам адной з роляў Андрэем Карака. Апошні добра вядомы аматарам тэлесерыяла «Ментовские войны». Тым больш, беларускі акцёр – ураджэнец Гомеля, пачынаў сваю кар’еру ў абласным драматычным тэатры. На яго рахунку дзесяткі разнапланавых роляў і характараў. У фільме «Унутры сябе» акцёр Карака выканаў ролю псіхааналітыка. Дарэчы, у жыцці Андрэй выглядае малодшым за сваіх кінемаграфічных герояў, а ў дыялозе гамельчанін раскрыўся як шматгранны чалавек з шырокім колам інтарэсаў. У пары з Віктарам Лабковічам яны расказалі пра дэталі здымання фільма. Напрыклад, у каманду ўвайшлі 75 чалавек – для стварэння фільма запрашаліся беларускія спецыялісты. Як сцвярджае прадзюсер Лабковіч, у Беларусі дастаткова прафесіяналаў, з якімі можна здымаць якаснае кіно, таму запрашаць каманду з-за мяжы не мае сэнсу. А ўсяго вытворчы працэс заняў (без уліку мантажу і рэкламы) 12 дзён, хаця з моманту задумкі да прэзетнацыі фільма спатрэбілася два гады.
Цікавая задумка кінафільма нарадзілася ў рэжысёра Сяргея Талыбава выпадкова – у час прагулкі з жонкай па сталічных вуліцах. Ён зацікавіўся даволі спрэчным пытаннем: а што, калі знянацку ўбачыш у чужым акне злачынства? Гэта дапушчэнне і стала асновай для псіхалагічнага трылера. Амаль да фінала глядач трымаецца ў напружанні: як разгадаць клубок пытанняў?
Усе падзеі адбываюцца ў Мінску, але з-за цяжкай атмасферы нават асяроддзе імкнуліся здымаць у халоднае надвор’е, каб падкрэсліць эмацыйны стан героя, нібыта ўзмацніць яго пакуты. Хаця ў кадр трапляюць сталічныя вуліцы і будынкі, няпроста з першага погляду пазнаць іх.
Спынімся крыху на самой гісторыі. Запатрабаванаму мінскаму фатографу замаўляюць зрабіць здымак вокнаў аднаго са старых дамоў. Увечары падчас фотасесіі герой становіцца сведкам загадкавага забойства, але у хуткім часе ён губляе доказы – фотаздымкі злачынства. Тут мужчына і пачынае сумнявацца ў сваім псіхічным стане. І толькі вопытны следчы можа дапамагчы высветліць праўду. Да слова, ролю таго самага следчага выканаў заслужаны артыст Беларусі Ігар Сігаў – бліскучы акцёр, у якога атрымалася з першага свайго з’яўлення ў карціне стаць на бок галоўнага героя.
У знак пашаны за візіт гасцям уручылі падарункі на памяць пра нашы гасцінныя мясціны. Начальнік КВУП «Хойнікікінавідэасетка» Мікалай Грыгор’еў і першы сакратар райкама БРСМ Людміла Гаркуша перадалі знакамітыя «Грыбкі па-хойніцку» і сувеніры з саломкі.
На жаль, творчыя госці не змаглі застацца на паказ фільма, але з задавальненнем пагутарылі з гледачамі, адказалі на ўсе іх пытанні. Цёплае знаёмства завяршылася доўгай фотасесіяй і атрыманнем аўтографаў у знакамітасцей. Асабліва задаволенай знаёмствам з творчымі людзьмі засталіся прадстаўніцы жаночай паловы глядацкай залы.
Як прызнаўся Віктар Лабковіч, Хойнікі сталі другім па ліку горадам Гомельшчыны, дзе на вялікім экране паказалі трылер «Унутры сябе». І сам прадзюсер, і выканаўца адной з галоўных роляў былі шчыра ўражаны гарачым прыёмам, што прапанавалі прывезці да нас яшчэ не адну карціну. Чакаем.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.